
У старога чалавека яшчэ засталiся два глыткi вады ў бутэльцы, i палову глытка ён выпiў пасля таго, як з'еў шрымсы. Човен плыў няблага, уважаючы на ўсе непазбежныя нязручнасцi, i стары чалавек кiраваў, трымаючы руку на румпелi. Ён мог бачыць рыбiну i павiнен быў адно зiрнуць на свае рукi i адчуць, што спiна яго абапёртая аб карму, каб упэўнiцца, што гэта сапраўды адбылося, што гэта не сон. Адзiн час напрыканцы, калi стары чалавек чуўся страшэнна блага, ён вагаўся: цi не сон гэта? Тады, калi ён убачыў як рыба выходзiць з вады i нерухома вiсiць у паветры, перш як упасцi, стары чалавек быў упэўнены, што стаўся сведкам якойсьцi незвычайнае дзiўнае праявы, i не мог даць ёй веры. Тады ў яго было кепска са зрокам, але цяпер бачыў ён як заўсёды добра.
Цяпер ён ведаў, што гэта не сон, як не сон ягоныя рукi i спiна. "Рукi лечацца хутка, - падумаў ён. - Ранкi пакрывавiлi колькi трэба, а салёная вада iх загоiць. Цёмная вада праўдзiвага затона - найвялiкшы з усiх лекараў. Адзiны мой клопат: каб галава была ясная. Рукi зрабiлi сваю справу, i мы плывём добра. З ягоным завязаным ротам i простым, як свечка, хвастом, мы плывём, як браты". Пасля ў галаве яго трохi памутнела, i ён падумаў: "Цi гэта я вязу рыбiну, цi рыбiна вязе мяне? Калi б я валачыў марлiна за сабой, пытанняў не было б. Як i тады, калi б рыбiна была ў чоўне, пазбыўшыся ўсяе свае годнасцi". Але яны плылi разам, бок у бок. I стары чалавек вырашыў: "Хай гэта ён вязе мяне, калi яму прыемна так думаць. Я ўдалейшы за яго толькi праз штукарства, а ён не зычыў мне лiха".
Яны плылi паспяхова, i стары чалавек мачыў рукi ў салёнай вадзе ды стараўся захоўваць галаву яснай. Па небе вандравалi высокiя кучавыя воблакi, а над тымi ладна было перыстых, i стары чалавек ведаў, што вецер будзе дзьмуць цэлую ноч. Ён увесь час паглядваў на рыбiну, каб пераканацца, што гэта яму не снiцца. Мiнула гадзiна, пакуль першая акула сягнула на яе.
