- Гэта быў адзiны спосаб, якiм яго можна было зрабiць, - сказаў стары чалавек. Ён чуўся лепей, выпiўшы вады, i ведаў, што не страцiць прытомнасцi, i галава была ясная. - У такiм выглядзе марлiн заважыў бы больш за паўтары тысячы фунтаў, - меркаваў стары чалавек. - А магчыма, i нашмат болей. Калi разабраць i прадаць дзве трацiны гэтага па трыццаць цэнтаў фунт? Га?

- Каб падлiчыць, мне патрэбны аловак, - сказаў ён. - Галава мая не нагэтулькi ясная. Але, думаю, вялiкi Дзi Маджыа сёння мною ганарыўся б. Я нiколi не меў пятачных шпораў. Але мае рукi i спiна напраўду баляць. Цiкава, што за яна: пятачная шпора? Магчыма, яны ў нас бываюць, а мы пра тое нават не здагадваемся.

Стары чалавек прымацаваў марлiна да носа кармы i да сярэдняй лаўкi. Той быў такi вялiкi, як быццам гэта прывязалi да борта яшчэ адзiн, нашмат большы човен. Ён адрэзаў кавалак шнура ды падвязаў нiжнюю скiвiцу рыбiны да глюгi, каб рот не разяўляўся i яны плылi як найбольш плаўна. Тады ён паставiў мачту i з палкай, якая служыла гафелем, i з аснашчаным гiкам, пад латаным ветразем, што напоўнiўся ветрам, пакiраваў, паўлежачы на карме, сваю лодку на паўднёвы захад.

Яму не патрэбны быў компас, каб вызначыць, дзе паўднёвы захад. Стары чалавек павiнен быў толькi адчуваць пасат, куды той дзьме, i як ветразь яго забiрае. Варта было б закiнуць маленькi шнур з блешняй на iм, можа, удалося б што злавiць ды з'есцi i змачыць губы. Але ён не змог знайсцi блешнi, а ягоныя сардзiны пагнiлi. Тады ён падчапiў бусаком, плывучы, жмут жоўтых Затоцкiх водарасцей i трасянуў iмi. Малыя шрымсы, што былi там, пападалi на дошкi чоўна. Больш за тузiн шрымсаў скакала i перабiрала ножкамi, як пясчаныя блохi. Стары чалавек адшчыкваў iхнiя галовы вялiкiм i ўказальным пальцамi i еў, перажоўваючы шкарлупкi i хвосцiкi. Шрымсы былi малюпасенькiя, але, ведаў ён, спажыўныя, ды i смак яны мелi прыемны.



53 из 71