- Ну вось, - сказаў ён. - Вядома, я стары. Але я не бяззбройны.

Дзьмуў свежы вецер, i ён плыў удала. Стары чалавек назiраў толькi за пярэдняй часткай рыбiны, i трохi надзеi да яго вярнулася.

"Неразумна не спадзявацца, - падумаў ён. - Апроч таго, я перакананы, што гэта грэх. Не разважай пра грахi, - папракнуў ён сябе. - Зараз даволi турбацыi i без грахоў. Ды я ў iх i не разбiраюся.

Не разбiраюся i не ўпэўнены, што веру ў гэта. Магчыма, грэх быў забiваць рыбiну. Мяркую, так, хоць зрабiў я гэта, каб выжыць самому i накармiць багата людзей. Але што тады не грэх? Не думай пра грэх. Запозна, i ёсць людзi, якiм плоцяць за тое. Няхай яны маракуюць. Ты нарадзiўся мараком, як рыба нарадзiлася рыбай. Сан Педра* быў рыбак, бацька вялiкага Дзi Маджыа таксама".

* Святы Пётра (гiшп.).

Але стары чалавек любiў думаць пра ўсё, што падсоўвала яму жыццё, i паколькi тут не было чаго чытаць i ён не меў радыёпрыймача, стары чалавек думаў багата ды ўсё разважаў пра грэх. "Ты забiў марлiна не толькi дзеля таго, каб жыць i прадаць яго як харч, зрабiў ён выснову, забiць яго штурхала цябе i твая гордасць, i тое, што ты рыбак. Ты любiў яго, калi той быў жывы, i любiў яго пасля. Калi ты яго любiш, то гэта не грэх - забiць яго. А мо яшчэ большы?"

- Занадта шмат думаеш, - сказаў ён услых. - Але ты з ахвотай уходаў dепtusо, - загадаў ён. - Той таксама кормiцца жывой рыбай, як i ты. Ён не з тых, што жывяцца падлiнай, i гэта не проста нейкая бадзяга-ненажэра. Зубач прыгожы, шляхетны i анiчога не баiцца. Я забiў, баронячыся, - сказаў стары чалавек уголас, - I зрабiў гэта як след.

"Апроч таго, - падумаў ён, - на свеце кожная iстота нейкiм чынам забiвае iншую. Я жыву, бо лаўлю рыбу, але рыбацтва гэтаксама i знiшчае мяне. Ты жывеш, бо хлопчык цябе ўтрымлiвае, - падумаў ён. - Не трэба аж так сябе ашукваць".

Стары чалавек перагнуўся цераз борт i з лёгкасцю адарваў ад рыбiны (там, дзе хапанула акула) кавалак мяса. Пажаваўшы, ён адзначыў ягоную высокую якасць i добры смак. Цвёрдае, сакавiтае, не жылаватае i не чырвонае ў дадатак. Такое мяса, ведаў ён, найдаражэйшае на рынку. Але мясны пах разыходзiўся ў вадзе, i не было як даць рады, i стары чалавек разумеў, што надыходзiць надта кепскi час.



58 из 71