
Вецер дзьмуў устойлiва-роўна, толькi трохi адступiў на паўночны ўсход, i стары чалавек ведаў: гэта азначала, што вецер не аслабне.
Стары чалавек паглядзеў наперад, але не змог убачыць жаданых ветразей, анi корпуса карабля, анi дыму з судна. Адно лятучыя рыбы выляталi з мора каля носа ягонай лодкi i вярталiся справа i злева назад у мора, ды жаўцелi лапiны Затоцкiх водарасцей. Ён не бачыў нават птушкi.
Стары чалавек плыў дзве гадзiны, спачываючы на карме, а часам жуючы кавалачак мяса марлiна, iмкнучыся адпачыць ды захаваць моц, калi заўважыў першую з дзвюх акул.
- Ау, - сказаў ён уголас. Гэтае слова нельга перакласцi i, магчыма, яно ўсяго толькi мiжвольны выгук, як у чалавека, калi цвiк прабiвае яму руку i ўваходзiць у дрэва. - Gаlапоs*, - вымавiў ён.
* Акулы, што нападаюць i на чалавека.
Зараз ён угледзеў другi плаўнiк, што ўзнiмаўся за першым, i пазнаў: тупаносыя акулы. Але, iхнiя карычневыя трохкутныя плаўнiкi ды iмклiвыя рухi хвастом. Яны чулi пах i, узбуджаныя, ашалелыя ад голаду i прагнасцi, то гублялi яго, то зноў знаходзiлi. Але наблiжалiся няўхiльна.
Стары чалавек трывала замацаваў шкот i заклiнiў стырно. Пасля ўзняў вясло з прывязаным да яго нажом. Стары чалавек падымаў вясло, дужа асцярожна трымаючы яго, бо рукам было балюча. Ён сашчапiў i расшчапiў на iм рукi, каб трохi размяць iх. Потым моцна сашчапiў iх, каб яны змiрылiся з болем i не здрыгнулiся, ды назiраў, як падыходзяць акулы. Ён мог бачыць iхнiя шырокiя трохi сплюшчаныя тупаносыя галовы i таксама шырокiя грудныя плаўнiкi з белымi кончыкамi. Гэта былi агiдныя акулы, смярдзючыя, ахвотнiцы да падлы i шчырыя забойцы, здатныя, калi галодныя, кусануць вясло або i стырно лодкi. Гэта былi акулы, што перакусваюць лапы i плаўнiкi чарапахам, калi тыя спяць на паверхнi, а галодныя нападаюць у вадзе на чалавека, нават калi ён анiчуць не пахне рыбiнай крывёй цi рыбiнай слiззю.
