
- Ау, - вымавiў стары чалавек. - Gаlапоs. Падыходзьце блiжэй, gаlапоs.
Яны падышлi. Але не гэтак, як падыходзiла акула мака. Адна павярнулася i знiкла з поля зроку, нырнуўшы пад човен, i стары чалавек адчуў, як той дрыжыць, калi акула пачала тузаць i шкуматаць рыбiну. Другая сачыла за старым чалавекам жоўтымi шчылiнамi вачэй, а пасля шпарка падплыла, ашчэрыўшы паўкруг пашчы, каб хапануць там, дзе ад рыбiны ўжо быў адкушаны кавалак. Была выразна вiдаць лiнiя, што бегла ад макаўкi галавы на спiну, лiнiя, дзе злучалiся галаўны мозг i спiнны, i стары чалавек усадзiў нож на вясле ў гэтае злучэнне. Выцягнуў i загнаў той зноў, у жоўтыя кашэчыя вочы акулы. Акула адхiнулася ад рыбiны i слiзганула ўнiз, у апошнiя свае хвiлi глытаючы тое, што ўхапiла.
Човен дрыжаў, як i раней, другая акула пад iм распраўлялася з рыбiнай. Стары чалавек адпусцiў шкот, каб човен павярнуў бокам i акула апынулася навiдавоку. Калi стары чалавек убачыў акулу, ён перагнуўся цераз борт i садануў у яе нож. Ён зачапiў iм толькi мяса, скура ў акулы была гэткая цвёрдая, што ён ледзь уткнуў нож. Ад гэтага ўдару ў яго забалелi не толькi рукi, а i плячо. Але акулу цягнула ўгору, яна борзда вытыркнула з мора галаву, i стары чалавек урэзаў нажом акурат у сярэдзiну пляскатай макаўкi галавы, калi акулiн нос, высунуўшыся з вады, торкнуўся ў рыбiну. Стары чалавек выцягнуў лязо i ўбiў яго ў акулу дакладна ў гэтае месца зноў. Тая па-ранейшаму вiсела на рыбiне, сцяўшы скiвiцы, i тады стары чалавек усадзiў нож у акулава левае вока. Акула вiсела тамсама.
- Не? - сказаў стары чалавек i загнаў нож памiж хрыбеткамi i мозгам. Ён пацэлiў лёгка i ўдала, i адчуў, што расцяў храсток. Стары чалавек, перавярнуўшы вясло, засунуў лапатку памiж скiвiцамi акулы, каб адкрыць ёй пашчу. Ён крутануў вяслом i, калi акула адклеiлася ад рыбiны, сказаў:
