
Пра што мне думаць цяпер? - задаў ён сабе пытанне. - А нi пра што. Увогуле не думай ды чакай наступных акул. Як было б добра, калi б гэта напраўду быў сон. Але хто i што калi ведаў? Магло ж атрымацца i ўдала".
Наступная, тупаносая акула прыйшла адзiнцом. Яна прысунулася, не раўнуючы, як свiння да карыта, калi б, вядома, свiння мела рот гэткай шырынi, што можна было ўсунуць туды галаву. Стары чалавек дазволiў ёй хапянуць за рыбiну i тут жа ўвагнаў ёй у мазгi прымацаваны да вясла нож. Але акула рванулася назад, перавальваючыся на спiну, i лязо нажа трэснула.
Стары чалавек уладкаваўся стырнаваць. Ён нават не назiраў за тым, як вялiзная акула паволi танула: напачатку яе можна было бачыць у натуральную велiчыню, пасля акула сталася невялiкая, i ўрэшце маленькая... Гэта заўжды дужа займала яго, але не цяпер.
- Што праўда, у мяне ёсць бусак, - сказаў ён. - Але якая ад яго карысць. Яшчэ ў мяне ёсць два вяслы i румпель, i кароткая дубiнка.
"Вось акулы мяне i адужалi, - падумаў ён. - Занадта я стары, каб iх батожыць да смерцi. Але буду iмкнуцца рабiць гэта, пакуль мецьму вёслы, дубiнку i румпель".
Ён зноў сунуў рукi ў гаючую ваду. Бралася на вечар, зараз ён бачыў толькi мора ды неба. Вецер быў мацнейшы, як раней, i тут ён стаў спадзявацца, што неўзабаве ўгледзiць сушу.
- Ты стамiўся, старэча, - сказаў ён. - Уся твая iстота стамiлася.
Акулы атакавалi яго толькi перад самым свiтанкам.
Стары чалавек убачыў карычневыя плаўнiкi ўздоўж таго шырокага следу ў вадзе, якi ўтварала рыбiна. Акулы не проста рыскалi, учуўшы рыбiн пах, а напралом бок у бок шыбавалi да чоўна.
Ён заклiнiў стырно, замацаваў шкот i пацягнуўся па дубiнку, што ляжала пад кармой. То быў адпiлаваны ад зламанага вясла кавалак дзяржальна даўжынёю футаў два з паловай. Ён мог яго ўжыць толькi адною рукою, бо вясло мела адмысловую ручку, за якую ён i ўхапiўся ды стаў размiнаць пальцы правай рукi, здымаць з iх здранцвеласць, назiраючы, як наблiжаюцца акулы. Абедзве яны былi gаlaпоs.
