"Няхай першая добра возьмецца за рыбiну, а тады я гваздану ёй па кончыку носа або па кумпалу, па самай макаўцы", - вырашыў стары чалавек.

Дзве акулы падплылi разам, i, убачыўшы, як найблiжэйшая да яго разявiла пашчу i ўсадзiла зубы ў срэбраны бок рыбiны, ён высока падняў дубiнку i трахнуў што было моцы па макаўцы ейнай шырокай галавы. Стары чалавек адчуў усё роўна як гумавую трываласць скуры, калi палка апусцiлася на акулаву галаву. I яшчэ ён адчуў цвёрдасць косцi i заехаў зноў, на гэты раз па кончыку носа, калi акула адлiпла ад рыбiны i слiзганула ўнiз.

Другая акула ўжо завiтвала сюды, а потым знiкла, але зараз з'явiлася iзноўку, шырока разявiўшы пашчу. Стары чалавек мог бачыць белыя шматкi рыбiнага мяса, што вывальвалiся з ейнае пашчы. Накiнуўшыся на рыбiну, акула сцяла скiвiцы. Ён размахнуўся i стукнуў палкай, але трапiў толькi па галаве. Акула, зiрнуўшы на яго, iрванула кавалак мяса. Стары чалавек замахнуўся зноў, калi акула слiзганула ўбок праглынуць тое, што ўхапiла, i адчуў трывалую цвёрдую гуму.

- Падыдзi сюды, gаlano, - сказаў стары чалавек. - Давай, падыходзь зноў.

Акула памкнула да марлiна, i стары чалавек гваздануў па ёй, калi тая ўжо закрыла пашчу. Ён лупануў з уся сiлы, падняўшы дубiнку як найвышэй. На гэты раз ён адчуў косць каля асновы мозгу i зноўку стукнуў па ёй. Акула ж, млява адарваўшы ад рыбiны кавалак мяса, слiзганула ўнiз.

Стары чалавек пiльнаваў, калi акула выплыве, але нiводная не паказалася. Пасля ён угледзеў, як адна з iх кружыць ля паверхнi. Плаўнiка другой не было вiдаць.

"Я i не спадзяваўся забiць iх, - падумаў ён. - У свой час я здатны быў зрабiць гэта. Але моцна паранiў абедзвюх, цяпер i яны пачуваюцца досыць кепска. Калi б я мог узяцца за дубiнку аберуч, дык першую забiў бы напэўна. Нават цяпер", - падумаў ён.



63 из 71