
Яму не хацелася пазiраць на рыбiну. Ён ведаў, што аж палова яе знiшчана. Сонца зайшло, пакуль ён змагаўся з акуламi.
- Хутка будзе цёмна, - сказаў ён. - I тады я павiнен убачыць сполыск Гаваны. Калi я заплыў надта далёка на ўсход, то ўгледжу агнi аднаго з новых пляжаў.
"Наўрад цi я зараз заплыў занадта далёка, - падумаў ён. - Спадзяюся, нiхто там асаблiва не хвалюецца. Вядома, апроч хлопчыка. Але ведаю, ён упэўнены, што я вярнуся. Шмат якiя дарослыя рыбакi будуць непакоiцца. I многiя iншыя таксама, - дадаў ён у думках. - Я жыву ў добрым горадзе".
Ён быў не ў стане больш гутарыць з рыбiнай, анi, занадта жудасна была тая абгрызена. Але ў галаву яму прыйшла думка, i ён сказаў:
- Напаловурыбiна! Або: рыбiна, як цябе звалi раней? Я шкадую, што забраўся гэтак далёка. Я не збярог цябе i зруйнаваны сам. Але за свой век мы забiлi багата акул - ты i я, i мноства знявечылi. Колькi табе давялося ўходаць, старэча-рыбiна? Нездарма ж ты маеш гэтую пiку на сваёй галаве.
Яму падабалася думаць пра марлiна, як той расправiўся б з акулай, калi б вольна плаваў у моры. "Мне варта было адсячы ад яго дзюбу, каб ёю бiцца з акуламi", - падумаў ён. Але ж не было нi сякеркi, нi нажа.
"Калi б я што-небудзь меў ды патрапiў прымацаваць дзюбу да рукаяткi вясла, якая гэта была б зброя! Тады б мы пазмагалiся разам. А што ты будзеш рабiць, калi яны прыплывуць уначы? Што ж ты можаш рабiць?"
Змагацца з iмi, - адказаў ён. - Пакуль не сканаю.
Але ў тым змроку, калi не было нi сполыску, нi агнёў, адно вецер, што напiнаў ветразь, безупынна i нязменна, яму раптам здалося, што ён памёр. Ён склаў рукi разам, прыцiснуў далонь да далонi. Яны не былi мёртвыя, i ён мог адчуць боль жыцця, папросту сцiскаючы i расцiскаючы свае далонi. Ён прыхiлiўся спiнай да кармы i ўпэўнiўся: ён не мёртвы. Ягоныя плечы сказалi яму пра гэта.
