
Але апоўначы ён змагаўся, хоць на гэты раз ведаў: змаганне бескарыснае. Яны з'явiлiся гуртам, i ён мог угледзець толькi лiнii, што крэслiлi па вадзе плаўнiкi, ды фосфарыстае свячэнне, якое сыходзiла ад акул, калi яны накiнулiся на рыбiну. Ён лупасiў тых па галовах i чуў, як iхнiя скiвiцы адсякаюць кавалкi мяса i як скаланаецца човен, калi акулы спадыспаду шматуюць рыбiну. Стары чалавек адчайна лупасiў па тым, што ён толькi адчуваў i чуў, але не бачыў, i раптам тое штосьцi схапiла дубiнку, i больш яе не было.
Вырваўшы румпель са стырна, ён бiў i цяў iм, трымаючы той аберуч, перыў акул зноў i зноў. Але яны падабралiся ўжо да носа лодкi, налятаючы на рыбiну то паасобку, то гурмой, iрвучы кавалкi мяса, i стары чалавек бачыў, як тыя кавалкi блiшчалi ўнiзе ў вадзе, калi акулы заварочвалiся, каб рвануць сваю ахвяру яшчэ раз.
Нарэшце адна падплыла i ўсадзiла зубы ў галаву рыбiны, i стары чалавек падумаў: усё, па змаганнi. Ён гваздануў румпелем туды, дзе акулiны зубы завязлi ў цвёрдай галаве марлiна, не могучы тую пашкуматаць. Стары чалавек стукнуў раз, два i тры разы. Ён пачуў, як трэснуў румпель, i тады памкнуў наперад з расшчэпленым дзяржальнам. Адчуўшы, як той працяў мяса акулы, i ведаючы вастрыню ягоную, стары чалавек загнаў дзяржальна ў акулу iзноў. Тая, пакiнуўшы рэшткi свае ахвяры, павалюхала ад чоўна. Гэта была апошняя акула з гурта, якi прыходзiў. Больш iм не было чаго есцi.
Стары чалавек з цяжкасцю дыхаў i адчуваў у роце дзiўную нейкую, з прысмакам медзi саладжавасць. На момант ён устрывожыўся, але саладжавасцi гэтай было небагата.
Ён сплюнуў у акiян i сказаў:
- Ешце гэта, gаlaпоs, i хай вам трызнiцца, што вы забiлi чалавека.
Ён разумеў, што разбiты канчаткова i непапраўна, i пайшоў назад на карму. Уставiўшы ў адтулiну стырна няроўны зламаны канец румпеля, ён пераканаўся, што зможа больш-менш няблага кiраваць стырном.
