Стары чалавек акрыў мяшком плечы i ўзяў ранейшы курс. Зараз ён плыў лёгка, а ў галаве ягонай не было анi пачуццяў, анi думак. Нiчога ўжо яго не абыходзiла, i ён вёў свой човен дадому, да прыстанi, пiльна i ўмела, як толькi мог. Уночы акулы накiдвалiся на шкiлет, усё адно як прыбiралi са стала крошкi. Стары чалавек не зважаў нi на iх, нi на што яшчэ апрача стырнавання. Ён адно заўважыў, як лёгка i плаўна кiруе зараз човен, калi побач з iм няма вялiзнага цяжару.

"Яна спраўная*, - падумаў ён. - Цэлая i зусiм не пашкоджаная, калi не лiчыць румпеля. Але той няцяжка змянiць".

* Для старога чалавека човен - разумная iстота жаночага роду.

Стары чалавек адчуваў, што зараз ён усярэдзiне плынi, адсюль яму былi вiдаць агнi паселiшчаў уздоўж берага. Стары чалавек ведаў, дзе ён, адгэтуль было рукой падаць дадому.

"Вецер - вось хто наш сябра, - падумаў ён. - Часамi, - дадаў ён. - I вялiкае мора з нашымi прыяцелямi i ворагамi, i пасцель. Пасцель будзе найвялiкшай асалодай. Як лёгка пераможанаму, - падумаў ён. - Я нiколi не ведаў гэтага. I што ж цябе перамагло?" - задаў ён сабе пытанне.

- Ды нiчога, - вымавiў ён уголас. - Проста я занадта далёка заплыў.

Калi ён заходзiў у маленькую бухту, агнi на "Тэрасе" ўжо не гарэлi, i ён ведаў: усе спяць. Вятрыска доўга набiраў сiлу i цяперака моцна дзьмуў. Аднак у гаванi было спакойна, i ён падплыў да малой лапiны галькi пад скаламi. Навокал не было нiкога, каб яму дапамагчы, дык ён i павеславаў, як мага далей. Пасля ён выйшаў з лодкi ды прывязаў яе да скалы.

Стары чалавек выцягнуў мачту, скруцiў ветразь i завязаў яго. Узвалiўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькi тады ён уведаў усю глыбiню свае стомы. Стары чалавек прыпынiўся на момант i зiрнуў назад, i ўбачыў у водблiску вулiчнага святла вялiзны хвост рыбiны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лiнiю ягонай хрыбетнiцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галiзну рэшты.



67 из 71