Госцi ўжо адышлi ад першага ўражання, i ўсе пачалi наракаць на верагодную няўважлiвасць нейкай нянькi, што прычапiла вазок да двухколкi, i спачуваць гору бацькоў. Суддзя падтакваў iм, намагаўся здагадацца, у якой вёсцы яму прычапiлi малога, а калi гутарка перайшла на iншую тэму i жонка супакоiлася, прынамсi, з выгляду, Лоскi пакiнуў гасцей на хвiлiнку, а сам пабег у гардэробную.

Там ключнiца, абагнаўшыся ад служанак, трымала хлопчыка на каленях i кармiла яго булкай з малаком. Стась еў, а сам неспакойна азiраўся па незнаёмым пакоi, нiбы шукаючы мацi. Калi суддзя ўвайшоў, хлопец, убачыўшы мужчыну, працягнуў рукi i кiнуўся раптам наперад, закрычаўшы пяшчотным голасам:

- Тата!.. Тата!..

- Голас крывi!.. Дальбожачка! - крыкнула ключнiца. - Ах, што за разумнае дзiця... Увесь, як пан.

Суддзя наблiзiўся да малога, уважлiва паглядзеў на яго, далiкатна дакрануўся да загарэлага тварыка, а потым, азiрнуўшыся направа i налева, пацалаваў Стася. Ключнiца амаль плакала ад замiлавання, а сам ён выйшаў у сенi.

У сэрцы яго прачыналася дзiўнае пачуццё. Ён быў расчулены, неспакойны, i, разам з тым, задаволены i горды. Стась падабаўся яму больш, чым якое-небудзь iншае дзiця.

На калiдоры ён сустрэў жонку, аднак не смеў зiрнуць ёй у вочы. Бачачы гэта, яна падала яму руку i цiха сказала:

- Я ўжо не злуюся.

Лоскi моцна прыцiснуў яе да грудзей i раптам выйшаў на ганак, баючыся, каб яна не заўважыла яго ўзрушэння.

* * *

Субота ў малых мястэчках бывае днём цiшынi i адпачынку. Па гэтай прычыне пан бурмiстр мястэчка X., панi бурмiстрыха i натарыус, iхнi прыяцель, папоўднi выйшлi на шпацыр.

Бурмiстр, чалавек малы i пукаты, iшоў спераду. Правую руку, у якой трымаў палачку, залажыў за плечы; левую, сагнутую ў локцi, нёс перад сабой такiм чынам, як касцельны дзед пад час iмшы нясе падносiк, збiраючы ў прыхаджанаў грошы на храм. Да таго ж ён увесь час усмiхаўся i прыплюшчваў вочы; людзi казалi, што ён робiць так, каб "не ведаць, адкуль падае", разумеецца, на тую працягнутую руку.



34 из 41