
Пасля ён дадаў такiм тонам, што я ўсмiхнуўся:
- I таму сёння ў нас неспакойна.
Я супакоiў яго як мог, шчаслiвы ад таго, што прыйшоў менавiта гэтым вечарам i магу падзiвiцца з гэтага спектакля забабоннага страху. Я пачаў расказваць розныя гiсторыi i ўрэшце здолеў супакоiць амаль усiх.
Каля камiна спаў, схаваўшы нос, стары вусаты сабака, ужо амаль сляпы, адзiн з тых сабак, якiя нагадваюць знаёмых людзей.
А за сцяною лютавала бура, i праз маленечкае акенца побач з дзвярыма я бачыў, як маланка раз-пораз асвятляла цэлыя завалы буралому. Я добра адчуваў, што, нягледзячы на мае намаганнi, гэтыя людзi былi ахопленыя невыказным жахам, i кожнага разу, як я спыняў размову, усе пiльна прыслухоўвалiся. Мяне стамiла гэтая бязглуздая напалоханасць, i я збiраўся быў папрасiць, каб мяне паклалi спаць, як раптам стары ляснiк ускочыў з крэсла, зноў схапiў сваю стрэльбу i замармытаў запiнаючыся: "Гэта ён! Гэта ён! Я яго чую!" Абедзве жанчыны ў кутах зноў пападалi на каленi, схавалi твары. Сыны схапiлi сякеры. Я хацеў яшчэ паспрабаваць iх супакоiць, але сабака, якi дагэтуль спаў, раптам прачнуўся, выцягнуў шыю i, наставiўшы на агонь свае амаль згаслыя вочы, завыў тым жудасным выццём, якое прымушае здрыгануцца вандроўнiка, што ўвечары мiнае вёску. Усе павярнулiся да сабакi - той стаяў нерухома, нiбы спалоханы нейкiм прывiдам. Сабака зноў завыў, звяртаючыся да некага нябачнага, невядомага, але без сумнення страшнага, бо поўсць на iм натапырылася. Ляснiк, збялеўшы, як смерць, закрычаў: "Ён яго чуе! Ён яго чуе! Ён быў там, калi я яго забiў!" I абедзве жанчыны, нiбы звар'яцеўшы, завылi разам з сабакам.
Мiмаволi я адчуў, як у мяне мурашкi пабегалi па спiне. Было жахлiва глядзець на гэтую жывёлiну ў гэтым месцы, у гэты час, сярод самлелых ад страху людзей.
Гэтак ён i выў, не кранаючыся з месца, цэлую гадзiну. Ён скуголiў, нiбы ў жахлiвым сне, i жывёльны страх авалодаў мною. Страх чаго? Цi ж я ведаю? Гэта быў страх, вось i ўсё.
