
- Пан дэ Керфаўэ?.. Я пакаёўка ў яго.
Ганзагаў выгляд i пах перагару прымусiлi яе збянтэжыцца:
- Я, аднак, не ўпэўнена, цi пан...
- Я яго не ведаю, - сказаў рашучым тонам Рабатэн. - Я толькi знайшоў яго бумажнiк на вулiцы i прынёс.
- А! Тады заходзьце! - адказала дзяўчына з нейкай павагай, якая была Ганзагу як бальзам на душу.
Яна бразнула звязкай ключоў. Але перш чым паспела адчынiць, бясхiбны Ганзагаў позiрк занатаваў: ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвiчкай. Ключ ад засаўкi, прывешаны да першага, даваў дадатковыя звесткi: грабенчаты замок, якi можна адмыкаць адмычкай са сталёвага дроту. Дзверы адчынiлiся, i Ганзаг саступiў убок з ветлiвасцi цi, хутчэй, каб паспець прыкмецiць яшчэ адну дэталь. У iншых абставiнах яна вельмi б яго ўзрадавала: зашчапкi няма, дзве ручкi ўмайстраваныя ў глыбiню створак. Гэта робiць даступнымi нават самыя грозныя на выгляд дзверы. Раптам жаночы голас вярнуў яго да рэчаiснасцi:
- Адэль, я сто разоў вам казала, каб вы карысталiся службовымi сходамi!
Спеўны голас чуўся з глыбiнi кватэры. Дзiўнае вымаўленне выдавала iншаземку, i Ганзаг, ап'яненне якога патроху праходзiла, а добрыя намеры з той жа хуткасцю слабелi, прымусiў сябе прыкiнуцца задаволеным.
