Ён нiчога не трацiў. Анi шэлега. Ён спадзяваўся быў на дзесяць тысяч. А дзесяць адсоткаў па закону забяспечвалi яму нават больш за адзiнаццаць тысяч. Цi зарабляў ён калi адзiнаццаць тысяч сумленна i тым больш нiчога не зрабiўшы? Выпадак быў рэдкi, а дзень сiмвалiчны! - гэтак шчаслiва адзначыць свята святога Андрэ! Бацька Рабатэн, гэты гаротнiк, няздольны прынесцi анi кропелькi шкоды мiльярдэру, пэўна, перавернецца ў магiле ад задавальнення. Але, каб не аддацца спакусе, нельга было чакаць нi хвiлiны. Бо яму ўжо шкада было плацiць за пiтво з тых дзесяцi адсоткаў, што яму быў вiнаваты Керфаўэ.

Ганзаг неахвотна адклаў бiлет на пяцьсот франкаў, пасля паклаў паперы, фатаграфii i грошы ў бумажнiк, а бумажнiк у кiшэню. Нарэшце з цяжкасцю ўстаў.

- Трыста пяцьдзесят! - крыкнуў Бертран занепакоена.

- Рэшты не трэба! - адказаў Ганзаг, кiнуўшы грошы на стол. - Калi зойдзе Ларно i спытае пра мяне, - дадаў ён, - скажы, што я ў XVI акрузе.

- Добра, у XVI! - адказаў кемлiвы гаспадар, сам былы злодзей. Ён добра ведаў занятак сваiх клiентаў, як i кварталы, дзе яны пераважна "працуюць". Калi Ганзаг пахiстваючыся падышоў да дзвярэй, Бертран стрымана кiнуў: "Удачы табе!" i засмучана закiваў галавой. Гэта красамоўна казала пра тое, што ён ведае, у якiм стане цяпер чалавек, якi iдзе займацца сур'ёзнымi справамi.

* * *

Згодна адрасу, азначанаму ў паперах Вiльяма дэ Керфаўэ, Ганзаг праз гадзiну ўжо ўзыходзiў на шосты паверх раскошнага дома на авеню Анры-Мартэн. Ён шмыгнуў мiма кансьержкi - старая засцярога! - пагрэбаваў лiфтам i павольна падымаўся па сходах, размяркоўваючы вагу ступнi на ўсю прыступку, каб яна не рыпела. Ён ведаў, што асцярожнасць цяпер не патрэбна, але яму не ўдавалася добра зразумець, што ён падымаецца па гэтых сходах, укрытых дываном, з добрымi намерамi. Яму было вельмi нязвычна не адчуваць у сваiх кiшэнях цяжару адмычак, прыстасаванняў для ўзлому замкоў, разборнага лома для дзвярэй - ягонай уласнай вынаходкi, якая была вартая таго, каб экспанавацца на выстаўцы.



9 из 17