Скурчыўшыся ў сваiм клятчастым гарнiтуры - учора яму ўдалася адна справа - ён панёсся галопам да плошчы Iталi, дабег да яе за тры хвiлiны, рэзка збочыў улева i апынуўся ля ўваходу ў метро, дзе можна было схавацца ад дажджу. "30 лiстапада. Дзень святога Андрэ", - прачытаў ён на дошцы ў кветкавым кiёску, што стаяў на рагу вулiцы Бабiё. "Свята майго старога!" - падумаў з глыбокай павагай Ганзаг, якi асiрацеў ужо больш як дзесяць гадоў назад. Ён машынальна паглядзеў на гаршкi з хрызантэмамi, якiя, нiбы баранчыкi, скупiлiся вакол кiёска. Ён апусцiў вочы яшчэ нiжэй i замiргаў ад здзiўлення.

- Во!

Не магло быць нiякiх сумненняў. Перад iм ляжаў бумажнiк, яшчэ зусiм сухi. Пэўна, яго згубiлi зусiм нядаўна. Сапраўдны. Не якi там лядачы кашалёк, скура якога аблуплiваецца праз тыдзень. Не. Сапраўдны бумажнiк, блiскучы, важны, напышлiвы. Адна яго замша i залатыя iнiцыялы каштавалi месячнага заробку вунь таго бухгалтара або тых дзвюх машынiстак, што ўваходзяць цяпер у метро, метраў за трыццаць адсюль.

Уладальнiк, пэўна, быў яшчэ недзе непадалёк. Хiтры шакал Ганзаг гэтым разам аказаўся на вышынi становiшча: каб не прыцягнуць да сябе ўвагi занадта рэзкiм рухам, ён не кiнуўся адразу ж да знаходкi. "Спакойна!" - скамандаваў ён сабе. Усмешка да вушэй змянiлася на самы абыякавы выраз. Аднак трэба было спяшацца. Ганзаг зрабiў крок наперад, дастаў брудную насоўку, пратрубiў туды носам некалькi нот i пасля, кладучы яе ў кiшэню, нiбы незнарок выпусцiў у зручнае месца. "Ах!" - прамовiў Ганзаг з талентам, вартым вялiкага артыста. Ён апусцiў руку па насоўку з цвёрдай упэўненасцю гаспадара, якi збiраецца падняць сваю маёмасць. Зрэнкi ў Ганзага ўспыхнулi дзiкай радасцю, жылы напружылiся ад нецярплiвасцi, i пальцы скурчылiся ў дзiравых туфлях... Але калi бумажнiк ужо слiзгануў у кiшэню, нейкi пiсклявы, як у еўнуха, голас тыцнуўся яму ў спiну:

- Няблага! Я б зрабiў тое ж самае.

* * *

Ганзаг здрыгануўся. Ён павярнуўся i быў гатовы супрацiўляцца. Вораг, калi меркаваць па яго рэплiцы, быў не палiцэйскi, а хутчэй канкурэнт. Ён аказаўся чалавечкам з сiвымi валасамi, з шэрымi вачыма i ў сваiм вялiзным шэрым халаце нагадваў тэлеграфiста, рамеснiка або кладаўшчыка з "Прызюнiка".



2 из 17