
- Добрая справа, га?
- Якая справа? - холадна спытаўся Ганзаг.
- Ну... гэты бумажнiк. Я таксама яго бачыў. Ты мяне апярэдзiў.
Нечаканы канкурэнт стаяў, нiбы не зважаючы на дождж, ад якога халат пакрываўся цьмянымi плямамi, увесь час кашляў i пляваўся густой i жоўтай слiнай. Нарэшце, аддыхаўшыся, ён прапанаваў:
- Ну дык што... падзелiм?
Ганзаг не адказаў i на ўсялякi выпадак адышоў на некалькi крокаў. Дзякуй богу, кветачнiца нiчога не пачула, i ўладальнiк не паяўляўся. Засталося толькi адшыць старога. Але той схапiў Ганзага за рукаў i вымавiў па складах:
- Мне хо-пiць трэ-цяй часткi.
Ганзаг зноў нiчога не адказаў i пайшоў унiз па вулiцы Бабiё, спадзеючыся пазбавiцца ад праследавальнiка. Але той не адставаў нi на крок i ўжо пачынаў выказваць нецярпенне:
- Я згодзен на трэцюю частку. Але калi ты i далей будзеш прыкiдвацца iдыётам, я хутка запатрабую палову.
Тады Ганзаг, якi ўжо пацеў ад злосцi, рэзка спынiўся i працяў старога позiркам, нiбы чаргой са спаранага кулямёта.
- Палову чаго? I вам не сорамна? За каго вы мяне прымаеце? Цi вы не бачыце, што я iду ў дом нумар 38?
Усе ў XIII акрузе ведаюць, што ў доме нумар 38 на вулiцы Бабiё знаходзiцца палiцэйскi ўчастак квартала Мэзон-Блянш. Ганзаг Рабатэн сумысля гаварыў голасна. Баючыся скандалу i ўскладненняў, чалавек у шэрым халаце пацiснуў плячыма i адступiў:
- Яшчэ паглядзiм!
- Няма чаго глядзець! - крыкнуў Ганзаг, рашуча павярнуўся i матануў напрасткi да ўчастка вiхлястай, няроўнай хадою, як ходзяць хлапчукi з прадмесцяў, каб паказаць рашучасць сваiх намераў.
Аднак ён не быў занадта ўпэўнены. "Абы толькi не натрапiць на каго-небудзь, хто мяне ведае! - думаў ён. - Мяне ўжо двойчы "накрывалi" на вулiцы Бабiё". Ён асцярожна азiрнуўся i ўбачыў, што шантажыст, як i раней, iдзе за iм, гатовы зноў дамагацца сваёй часткi або выдаць яго. Не, яму нi ў якiм разе нельга было iсцi да сакратара камiсара або да каго-небудзь з яго намеснiкаў. Гэта было занадта рызыкоўна.
