Гэтак разважаў Ганзаг, якi праз пяць хвiлiн сядзеў ужо ў зацiшным кутку "Кавярнi аб'яднаных мастацтваў". Перад iм блiшчала шклянка з малочна-белым "перно" i красаваўся бумажнiк з залатымi iнiцыяламi.

W.K., W.K... iнiцыялы гэтыя належалi не карэннаму жыхару. Гэта напэўна быў нейкi чужынец, што цешыла Ганзагаў патрыятызм, а таксама ягонае прафесiйнае сумленне: добра, калi ёсць нават самае маленькае апраўданне. W.К.! Добры густ i тонкая дасцiпнасць падказвалi: чаму не W.С.? Каб расцягнуць прыемнасць, Ганзаг не спяшаўся пачынаць падрабязны агляд. Iмёны на "W" сустракаюцца рэдка. Ёсць Валiс - так звалi дзеўку, якая пераспала з каралём. Але не, бумажнiк належаў мужчыну. Вiльгем. Ганзаг мог закласцiся, што гэта быў Вiльгем. У яго батальёне служыў адзiн Вiльгем, эльзасец, якi мог выжлукцiць дзесяць шклянак абсенту запар.

- Бертран, налi мне яшчэ!

З асцярогi Ганзаг закрыў свой скарб рукамi. Пакуль Бертран налiваў, ён так сцiснуў рукой бумажнiк, што аж зарыпела. Як толькi гаспадар устаў да кававаркi, Ганзагавы локцi ўзнялiся, i бумажнiк паявiўся зноў. Сербануўшы са шклянкi, новы ўладальнiк павольна i асцярожна распачаў даследаванне.

Спачатку - дробязi. Ганзаг трымаўся такога прынцыпу: стрымлiваць эмоцыi i пакiдаць прыемныя сюрпрызы на закуску. Маленечкая кiшэнька на маркi аказалася, вядома ж, пустая. Пустое было таксама аддзяленне на бiлеты ў метро: усе кiшэннiкi ведаюць, што вынаходлiвасць тых, хто робiць бумажнiкi, выкарыстання на практыцы не мае. Побач з бiлетамi на аўтобус - тры газетныя выразкi, падатковая квiтанцыя, два бiлеты ў кiно i зубачыстка. Вiзiтная картка нейкiм дзiвам апынулася ў кiшэньцы, спецыяльна ёй прызначанай. Зрэшты, яна належала не W.K. Гэта была прывабная вiзiтка, на якой значылася: Жулi Сэшрэ, дыпламаваная медсястра, уколы па выклiку. Ён сунуў два пальцы ў другую кiшэньку - па паперы. Але перш чым перайсцi да больш сур'ёзных рэчаў, Ганзаг дапiў сваю шклянку i заказаў яшчэ адну.



5 из 17