
На шчасце, пад сцягам, мокрым i брудным, як ануча, якой толькi што мылi посуд, выстукваў чачотку ад холаду палiцэйскi. Ганзаг прыгледзеўся - ён бачыў яго ўпершыню. Пакiнуўшы свайго ўчэпiстага праследвальнiка на тратуары па той бок вулiцы, Ганзаг перайшоў дарогу, падкрэсленым рухам сунуў руку ў кiшэню, дастаў адтуль прамавугольны прадмет i падаў яго вартавому.
- Шэф, - голасна сказаў ён, - вось гэта я толькi што знайшоў на плошчы Iталi, ля ўваходу ў метро.
Палiцэйскi аддаў чэсць, узяў бумажнiк, разгледзеў яго з усiх бакоў, сунуў памiж папер адубелы палец, пакруцiў галавой i з павучальным выглядам сказаў:
- Гэта добра, мой дарагi, добра, што вы так зрабiлi. Але трэба, каб вы паднялiся на другi паверх i напiсалi заяву.
- Мне няма калi, - ажыўлена запярэчыў Ганзаг. - Патрон паслаў мяне па неадкладнай справе. Я прыйду праз гадзiну.
- Добра, - адказаў палiцэйскi. - Але не забудзьцеся, што вы маеце права на ўзнагароду. Мiнiмум дзесяць адсоткаў па закону. Пакiньце мне ваша прозвiшча i адрас.
Ганзаг хвiлiну вагаўся. Потым зусiм спакойна сказаў па лiтарах.
- Ларно, Л-а-рно... Вулiца Сэн-Дыяман, дом No 35. Бывайце, шэф.
- Добра, - паўтарыў палiцэйскi. Яму вiдавочна не хапала фантазii.
- Гм, - паспеў яшчэ сказаць Ганзаг.
Ён прыставiў два пальцы да скронi, нiбы аддаючы чэсць, i, пакуль палiцэйскi хаваў у кiшэню свой блакнот, набраў хуткасць i пабег рыссю да плошчы Iталi. Ён горда абмiнуў чалавека ў шэрым, нiбы прыкаванага да тратуара. Той адказаў яму пагардай на пагарду i працадзiў праз гнiлыя зубы:
- Святы Ёлуп, малiся за нас!
* * *
"З нас двух большы ёлуп не той, на каго ты думаеш..."
