
"Дарагая, не ведаю, а каторай гадзiне ты павiнна вярнуцца з падарожжа. На ўсялякi выпадак я зайду сёння ўранку. Нарэшце я сабраў тыя самыя сто тысяч франкаў, цярплiва эканомячы на маленькiх шчодрасцях Чылiйкi. Я табе прынясу iх разам з фатаграфiямi, знятымi надоечы ўвечары. Калi я цябе не застану, я пакiну гэтую запiску на начным столiку i зайду пасля абеду яшчэ раз. Я выкраiў сабе два вольныя днi. Цалую. - Вiльям".
- Дарагая! - прашаптаў Ганзаг лагодным голасам, падняўшы шклянку. - За тваё здароўе!
Шклянка дрыжала ў руцэ. Яму рабiлася то холадна, то горача, ён смяяўся i пацеў ад захаплення. Яго радасць, яго здзiўленне, думкi, няпэўныя i каламутныя, як дно шклянкi, мяшалiся i блыталiся.
- Патрэбныя! На што патрэбныя гэтыя сто тысяч? Каб паклапацiцца пра маленькага Ганзага... Бертран, "крывавую Мэры"!
Бертран налiў, скоса глянуў на грошы, прыкрытыя рукавом. Ганзаг выпiў "крывавую Мэры", вырашыў, што ў ёй не хапае гранатавага сiропу, заказаў яшчэ адну i палiчыў, што гэтым разам не хапала "перно". Ён запатрабаваў, каб яму прынеслi бутэлькi, i сам пачаў змешваць. Сумесь здалася яму дасканалай. Пасля ён з урачыстым выглядам адаслаў Бертрана да стойкi i заняўся сваiмi дробнымi справамi... Значыць, так. Дакументаў у яго больш няма - свой бумажнiк ён аддаў палiцэйскаму. Але ён напэўна атрымае яго ў Бюро знаходак. Ларно, яго сябар, а часам i кампаньён, не будзе крыўдзiцца за тое, што Ганзаг пакарыстаўся яго прозвiшчам. Наадварот! Гэтаму нягоднiку залiчыцца сумленны ўчынак... Якi добры аргумент будзе мець яго адвакат, калi яму спатрэбiцца расчулiць суд!
Ну вядома ж, прадбачаючы такi ж самы выпадак, Ганзаг мог дазволiць сабе займець такiя ж рэкамендацыi... Але пра гэта няма чаго i думаць! Сто франкаў яшчэ можна было б вярнуць, але ж не сто тысяч! Вярнуць. Гэтым словам усё сказана.
