З нейкiм неспакоем - невядома чаму - Ганзаг пералiчыў грошы. Павольна. Паважна. Трохi астыўшы. Нейкi чарвяк тачыў яго. "Лепш мне больш не пiць "крывавай Мэры", - падумаў ён. - Гранатавы сiроп занадта салодкi, ён мяне разморвае". Пасля знайшоў больш сур'ёзнае тлумачэнне: "Сто адзiнаццаць тысяч пяцьсот франкаў. Вось гэта грошы, няма чаго i казаць! Але па сутнасцi яны знойдзены, не зароблены. Я не люблю несумленнай гульнi. Лёгкасцi трэба сцерагчыся. Спачатку знаходзiш бумажнiк, потым гэта пачынае падабацца, з часам губляеш звычку рызыкаваць i канчаеш збiраннем недакуркаў". Ганзаг мог абвясцiць гэта ўголас... Ён быў зусiм не такi, якiм яго ўяўлялi сабе суддзi, гэтыя нiкчэмныя людзi, у брыжах i каўпаках. Яны давяраюць толькi звесткам: аб судзiмасцi Ганзага. Чалавек, у якiм тояцца вытанчанасць i далiкатнасць - вось кiм ён быў. Элегантны. Але не шыкоўны, бо шыкоўнасць па рыначных цэнах заставалася яму пакуль што недаступнай.

Ганзаг уздыхнуў. Гранатавы сiроп разморваў яго далей. Божа ж мой, i сапраўды на пусты жывот Рабатэн быў усяго толькi няшчасны зладзюжка з прадмесця. Але пiтво надавала яму пэўную дабрачыннасць. Пасля шостага "перно" ён ужо марыў пра вiлу за горадам, пра пантофлi, пра спакойную пасаду, пра маленькiх Рабатэнаў, пра маральнасць. Каб стаць сумленным, яму трэба было напiцца. Шкада толькi, што, каб пiць, пакуль што патрэбны грошы, i Ганзаг павiнен быў здабываць iх спосабам... ну але, спосабам менш высакародным за яго мэты, у якiя нiхто не хоча паверыць.

Ганзаг глыбока ўздыхнуў, узяў яшчэ адзiн "перно" i раптам схамянуўся. Што? Нiхто не хоча ў iх паверыць? Ну гэта мы яшчэ паглядзiм! Гэты прайдзiсвет Ларно, гэты зануда Бертран, прыяцелi па "прафесii", i нават Пюмiле, гэтыя нiкчэмныя мяшчане, дабрачыннасць якiх канчаецца там, дзе пачынаецца беспакаранасць... Ён усiх iх здзiвiць, гэтых дробных iнтрыганаў. Ён сам сябе здзiвiць так, што будзе памятаць усё жыццё! I нягледзячы на iнстынкт, на прагу, на нейкую чорную мудрасць, якiя пратэставалi недзе ў глыбiнi душы, Ганзаг раптам знайшоў кучу аргументаў.



8 из 17