Хоць яго кантора была ў Кобе, Бертан часта паяўляўся ў Iякагаме. Аднойчы мне давялося жыць там некалькi дзён, чакаючы карабель. Нас пазнаёмiлi ў Ангельскiм клубе. Мы сталi партнёрамi ў брыдж. Гуляў ён вельмi добра. Гаварыў мала, як за картамi, так i пасля за кактэйлем. Кожны сказ яго быў старанна ўзважаны, але не пазбаўлены мяккага i стрыманага гумару. Бертан карыстаўся папулярнасцю ў клубе, i пасля, калi пайшоў, мне сказалi, што гэта адзiн з найлепшых наведвальнiкаў.

Так здарылася, што мы разам спынiлiся ў Гранд-атэлi, i на другi дзень ён запрасiў мяне паабедаць. Я пазнаёмiўся з яго жонкай, тоўстай, вясёлай, у гадах жанчынай, i дзвюма дочкамi. Гэта была, безумоўна, дружная сям'я. Але больш за ўсё мяне здзiвiла Бертанава дабрыня. У лагодным яго позiрку было нешта дужа прыемнае. Слухаеш яго мяккi голас, i ўявiць цяжка, што Бертан калi-небудзь можа яго павысiць. На твары - заўсёдная дабрадушная ўсмешка. Гэты чалавек прыцягвае вас, вiдаць, таму, што вы адчуваеце шчырую любоў яго да сваiх сяброў. Бертан безумоўна быў чалавек абаяльны. Але нiчога саладжавага ў iм не было: ён любiў пагуляць у карты i выпiць, мог расказаць пiкантную гiсторыю, а ў маладосцi нават захапляўся спортам. Гэта быў багаты чалавек, але кожную капейку ён зарабiў сваёй працай. Думаю, адзiнае, што прымушае вас пашкадаваць Бертана, гэта яго маленькi рост i нейкая няўпэўненасць: кожны раз iнстынктыўна хочацца абаранiць яго. Сам жа ён, здаецца, не можа i муху пакрыўдзiць.

Аднойчы я сядзеў у гасцiнай Гранд-атэля. Гэта было яшчэ да землятруса, i там стаялi скураныя крэслы. З вокан бачылася прасторная, ажыўленая гавань. Тут былi велiзарныя марскiя лайнеры, што накiроўвалiся ў Ванкувер i Сан-Францыска цi праз Шанхай, Ганконг i Сiнгапур - у Эўропу; грузавыя судны амаль з усiх куткоў свету, якiя бачылi i буры i непагадзь, джонкi з высокай кармой i каляровымi парусамi i незлiчоныя сампаны. Напружанае, клапатлiвае жыццё, але, не ведаю чаму, гэта вiдовiшча супакойвала душу. Рамантыка была побач: здавалася, выцягнi руку - i дакранешся да яе.



2 из 5