
Неўзабаве ў гасцiнай з'явiўся Бертан. Убачыў мяне, падышоў i сеў у крэсла побач.
- Цi не прапусцiць нам па чарачцы?
Ён пляснуў у далонi, падзываючы слугу, i заказаў два кактэйлi. Калi слуга з'явiўся з падносам, па вулiцы праходзiў чалавек, якi ўбачыў мяне i прывiтаўся.
- Вы ведаеце Тэрнера? - спытаўся ён.
- Мы пазнаёмiлiся ў клубе. Мне расказвалi, што ён эмiгрант i жыве на грошы, якiя атрымлiвае з дому.
- Мабыць, праўда. Такiх людзей тут шмат.
- Ён добра гуляе ў брыдж.
- Як i ўсе яны. Тут быў адзiн летась, уявiце, мой цёзка - лепшага гульца я не сустракаў у жыццi. Думаю, у Лондане ён не трапляўся вам. Называў ён сябе Ленi Бертан. Я лiчу, раней ён належыў да якога-небудзь арыстакратычнага клуба.
- Не, не памятаю такога прозвiшча.
- Цудоўна гуляў у карты. Здавалася, ён валодаў нейкiм асаблiвым чуццём. Нават страшнавата. Я часта гуляў з iм. Нейкi час жыў у Кобе.
Бертан адпiў вiна.
- Даволi забаўная гiсторыя, - сказаў Бертан. - Неблагi хлопец. Мне падабаўся. Апранаўся заўжды з густам, нават франтавата. Прывабны, з кучаравымi валасамi, белатвары i ружовашчокi. Жанчыны на яго заглядалiся. Чалавек, увогуле, някепскi, ведаеце, толькi крыху валацуга. Пiў шмат. Такiя людзi заўжды многа п'юць. Трохi грошай ён атрымлiваў з дому, раз у тры месяцы, дый выйграваў нямала ў карты. I ў мяне таксама.
На твары ў Бертана з'явiлася лагодная ўсмешка. Я ўжо ведаў са свайго вопыту, што ён мог выкiдваць вялiкiя грошы, гўляючы ў брыдж. Ён правёў па сваiм добра выгаленым падбародку тонкай, амаль празрыстай рукой з напухлымi жыламi.
