Але, я дайшоў у рэдкай сваёй абыякавасцi да таго, што пасялiўся побач з вакзалам! Выбiраючы жытло, я ўлiчыў толькi яго ўтульнасць i невысокую цану. З гэтых прызнанняў вы добра бачыце, што пачуццё прыгажосцi было ўва мне ў тыя гады атрафiравана настолькi, што самымi цiкавымi мясцiнамi былi для мяне ў Венецыi кавярня Фларыяна, шэрбет якой быў вельмi мне даспадобы, Лiдо, дзе я любiў купацца, i востраў Сан Сэрвола, дзе шаноўны дырэктар размешчанай на iм лякарнi даваў мне, зацiкаўлены маiмi даследаваннямi, свае дужа каштоўныя парады.

Ах, што за мiлы чалавек быў гэты сiньёр С!.. Я дагэтуль са шчымлiваю асалодаю згадваю нашы гамонкi ў яго рабочым кабiнеце на востраве вар'ятаў. Вокны гэтага пакоя выходзiлi на тэрасу з трыма рознага росту кiпарысамi, адкуль адкрываўся шырокi вiд на лагуну, у накiрунку Маламока i К'ёджы. Мы часта спынялiся, каб пагаварыць, менавiта на тэрасе. Там заўсёды была дзiвосная цiшыня, якую зрэдку парушалi крыкi з аддзялення цяжкахворых або, у гадзiны адлiву, важданiна пацукоў, незлiчоная процьма якiх кiшэла ў цiне ля падножжа муроў.

Пад час аднае з такiх гамонак на тэрасе i перадаў мне пан С. дакумент, якi вы зараз прачытаеце i якi я пераклаў са зробленай копii.

* * *

ЛЯКАРНЯ-ВАР'ЯТНЯ НА САН СЭРВОЛА

12 траўня 18.. года

"Цяпер, калi я пэўна i канчаткова прызнаны вар'ятам i запратораны ў гэтую лякарню, напэўна, да скону маiх дзён, нiчога болей не замiнае мне праўдзiва i дакладна расказаць пра падзею, пасля якой я i трапiў сюды.

Няхай, аднак, той, хто, мусiбыць, стане чытаць гэтыя радкi, не думае, што мае справу з адным з маньякаў, якiя бясконца складаюць скаргi, указваючы на памылку дактароў, ахвярай якое яны сталi, альбо выкрываючы змрочныя сямейныя iнтрыгi i iнтымныя драмы, праз якiя аўтары гэтых скаргаў страцiлi сваю свабоду. Не, я зусiм не скарджуся на свой лёс i не збiраюся пратэставаць супраць мераў, прынятых у дачыненнi да мяне! Нiводнага разу, з тае пары, як я тут, не спрабаваў я абдумаць хоць якiсьцi план, каб уцячы адсюль. Наадварот, келля мая на Сан Сэрвола - не турма мне, а пажаданы прытулак. У ёй я магу адчуваць сябе ў бяспецы, якой нiдзе больш не знайду, i таму я не маю нiякага жадання пакiнуць яе. Я бласлаўляю тоўстыя муры i надзейныя краты, якiя ахоўваюць мяне, ды яшчэ назаўсёды, ад людзей, асаблiва тых, чыя прафесiя судзiць чалавечыя ўчынкi.



2 из 9