
I на самай справе, калi нават гэтыя радкi i трапяць на вочы ўладам, дык не будуць мець для iх анiякага значэння i не створаць мне небяспекi: з той простай i дастатковай, мяркую, прычыны, што медыцынаю i судом я залiчаны ў вар'яты. Становiшча гэтае дае мне поўную магчымасць гаварыць свабодна. Маё вар'яцтва - мая ахоўная грамата. Бо ў момант майго прыбыцця сюды я зрабiў усё належнае, каб конча ўпэўнiць дактароў у слушнасцi iх меркавання адносна майго псiхiчнага стану. Я качаўся па зямлi, рабiў выгляд, што хачу задушыць санiтара, вёрз усялякую лухту - з дбайнасцю i спрытам, якiя маглi падмануць мяне самога.
I цi ж памыляўся я, умацоўваючы сваё новае status quo дзеля таго, каб спакойна карыстацца той перавагаю, якую яно мне даравала?
Бо вы ўжо ўгадалi, я ўпэўнены: аўтар гэтых радкоў зусiм не вар'ят, а толькi ахвяра жудаснага здарэння, аднаго з тых здарэнняў, якiм людзi адмаўляюцца даць веры i якiя ўсё ж бываюць на гэтым свеце, хоць i не паддаюцца асэнсаванню нашым слабым розумам. Выслухайце ж маю гiсторыю, а пасля ўжо мяркуйце аб ёй.
Першым няшчасцем у маiм жыццi было тое, што я нарадзiўся бедным, другiм тое, што прырода стварыла мяне гультаём. Бацькi мае знатнага роду, але лёс iм не спрыяў. Аднак яны далi мне адмысловае выхаванне. Я быў накiраваны пансiянерам у адну з найлепшых прыватных венецыянскiх школ. У ёй вучылiся многiя сыны знакамiтых сем'яў горада. Там я i пазнаёмiўся з графам Адаарда Грыманэлi, пра якога пойдзе далей гаворка.
Поспехi мае ў занятках былi пасрэдныя, i калi я закончыў сяк-так навучанне, бацькi запатрабавалi, каб я выбраў сабе прафесiю.
