З такiмi думкамi я дайшоў да Палаца Грыманэлi. Слуга прывёў мяне ў галерэю. Дайшоўшы да верху лесвiцы, ён спусцiўся ўнiз. Я цiха ўвайшоў. Адаарда стаяў якраз каля фрэскi Лонгi, разглядаючы яе з такою ўвагаю, што я здолеў падысцi да яго зусiм непрыкмечаным. Ён i крыкнуць не паспеў, як ляжаў ужо з кляпам у роце на падлозе. Выцершы з лоба пот, я выняў рэвальвер i стаў тлумачыць, чаго дамагаюся. Чым больш я гаварыў, тым больш Адаарда бляднеў. Здавалася, ён i не слухаў мяне, а вочы яго ўтупiлiся ў нейкую кропку на сцяне. Тое, што я ўбачыў, уяўляла сабою вiдовiшча настолькi жахлiвае, што рэвальвер выпаў з маёй рукi i я здранцвеў ад жаху.

На фрэсцы спакваля ажывала на нашых вачах графiня Барбара! Спачатку яна варухнула адным пальцам, потым - запясцем, пасля - рукою, затым - другой, нарэшце павярнула раптам галаву, ступiла ўперад адзiн крок, другi... Я бачыў, як кiравалася яна да мяне. Але, гэта было так - графiня Барбара сыходзiла са сцяны! Сцяны, на якой яе нерухомы вобраз заставаўся на працягу ста пяцiдзесяцi гадоў у палоне фарбаў. Сумненняў быць не магло: на тым месцы, якое займала яна на фрэсцы, вiднелася цяпер велiзарная белая пляма. Графiня Барбара сама сышла ўнiз абаранiць таямнiцу, за якую некалi, бясспрэчна, яна i прадала сваю душу д'яблу. Цяпер яна была за два крокi ад мяне. Раптам я адчуў на сваiм плячы ледзяны холад яе цяжкай рукi. Вочы яе загадна працiналi ўсю маю iстоту.

Калi я апрытомнеў, то быў ужо прывязаны рамянямi да ложка. Адаарда гаманiў з сiвабародым панам, шаноўным доктарам лякарнi на Сан Сэрвола. Мае бацькi былi побач са мною - яны плакалi. На маленькiм столiку ляжалi кляп, вяроўка i рэвальвер. На маё шчасце, я быў прызнаны вар'ятам, iнакш гэтыя рэчавыя доказы маглi б прывесцi мяне да канца шмат горшага.



8 из 9