
- О, мой дарагi Адаарда, гэта б мяне не здзiвiла! Мяркую, можа быць i так, што менавiта Казанова далучыў тваю прабабку да заняткаў алхiмiяй i магiяй. Тагачасная Венецыя была перапоўненая кабалiстамi, яны сюды нават з-за мяжы прыязджалi.
Адаарда больш не смяяўся; цяпер ён быў зусiм ужо збянтэжаны i адразу змянiў тэму нашай гамонкi, зноў загаварыўшы, як неабходна мне спынiцца неўзабаве на якойсьцi кар'еры. Нават прапанаваў мне сваю дапамогу: сувязi ў яго былi багатыя. Калi з'явiцца неабходнасць, ён цалкам да маiх паслуг. Размаўляючы, Адаарда цiхенька пабразгваў чырвонцамi ў кiшэнi сваёй камiзэлькi.
Бедны Адаарда, цi ж таго я хацеў ад цябе! Мне патрэбна была запаветная тайна здабывання золата, i я цвёрда вырашыў авалодаць ёю. Мне заставалася знайсцi адно спосаб, як - ласкай цi гвалтам - вырваць з цябе формулу ўсемагутнасцi, не параўнальную з нiякай iншай!
Некалькi тыдняў, дзень пры днi седзячы ў залатым гроце святога Марка, я абдумваў сродкi здзяйснення задуманага. Часта я наймаў гандолу i дабiраўся на ёй да самай пустыннай мясцiны лагуны. Цiшыня яе нямых водаў спрыяе напружлiвай думцы. Аднойчы вечарам, калi мая гандола плыла ўздоўж старых муроў вострава Сан Сэрвола, я абраў нарэшце наступны план: я папрашу ў Адаарда канфiдэнцыйнага спаткання, i тады, калi мы застанемся ўдвух сам-насам, здолею прымусiць яго загаварыць. Я быў дужы фiзiчна i гатовы ў душы на ўсё, толькi б дайсцi свайго.
Мне прыйшлося чакаць, пакуль Адаарда вернецца з Рыма, куды ён паехаў на нейкае тэатральнае вiдовiшча. Урэшце дзень сустрэчы настаў. Адаарда згадзiўся прыняць мяне ў шэсць гадзiн. А палове шостай я рушыў да Палаца Грыманэлi.
Я дбайна падрыхтаваўся. У кiшэнi ў мяне быў кляп i надзейная вяроўка, не забыўся я i пра рэвальвер. Быў я вельмi спакойны. Турбавала хiба што адна толькi думка: дзе прыме мяне Адаарда - у курыльным пакоi або ў галерэi з фрэскамi? Лепш было б каб у курыльнi, больш аддаленай ад астатнiх памяшканняў, у якiх маглi знаходзiцца людзi, але я быў гатовы i да размовы ў галерэi. У любым выпадку я быў упэўнены ў поспеху. Адаарда не стане зацята супрацiўляцца, i пасля таго, як я завалодаю тайнаю, ён, мусiбыць, нават даруе мне абраныя мною сродкi.
