З таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкi словамi або пiсьмова, ён адчувае, што побач з iм iснуе нейкая таямнiца, недаступная яго грубым i недасканалым органам пачуццяў. Чалавек iмкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калi гэты розум быў яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з'яў прыняла проста жахлiвыя формы. Якраз тады нарадзiлiся народныя вераваннi ў звышнатуральнае, легенды, духi, феi, гномы, прывiды. Я б дадаў сюды i легенду пра Бога, бо нашыя ўяўленнi пра творцу, з якой рэлiгii яны б нi паходзiлi, - гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых iстот. Лепей за ўсiх сказаў Вальтэр: "Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплацiў яму тым самым".

Але вось ужо трохi болей за стагоддзе адчуваецца наблiжэнне адкрыцця чагосьцi новага. Месмер i некаторыя iншыя вывелi нас на нечаканы шлях, i мы дасягнулi, асаблiва за апошнiя чатыры-пяць гадоў, незвычайных вынiкаў".

Мая кузiна, таксама вельмi недаверлiвая, усмiхнулася. Доктар Паран сказаў ёй:

- Хочаце, я паспрабую вас усыпiць?

- Ну,вядома.

Яна села ў фатэль. I ён пачаў пiльна глядзець ёй у вочы, гiпнатызуючы яе. Раптам я адчуў нейкае хваляванне, сэрца маё забiлася, горла сцiснулася. Я бачыў, як павекi ў панi Сабле цяжэюць, вусны сцiскаюцца, дыханне робiцца перарывiстае.

Праз дзесяць хвiлiн яна ўжо спала.

- Сядзьце за ёй, - сказаў лекар.

Я сеў за ёй. Ён даў ёй у рукi вiзiтную картку i сказаў:

- Гэта люстэрка. Што вы ў iм бачыце?

Яна адказала:

- Я бачу свайго кузена.

- Што ён робiць?

- Ён падкручвае вус.

- А цяпер?

- Ён дастае з кiшэнi фотакартку.

- Хто на здымку?

- Ён сам.

Гэта была праўда! I здымак гэты я атрымаў у той самы вечар, у гатэлi...



10 из 25