Замест таго каб зрабiць простую выснову: "Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны", мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямнiцы i звышнатуральныя сiлы.

14 лiпеня. - Дзень Рэспублiкi. Я гуляў па вулiцах i цешыўся, як дзiця, з ракет i сцягоў. Вельмi недарэчна, калi людзi радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ - гэта дурны натоўп, якi часам бязглузда церпiць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: "Радуйся!" Ён радуецца. Яму кажуць: "Iдзi бiся з суседам". I ён iдзе бiцца. Яму кажуць: "Галасуй за iмператара". I ён галасуе. Пасля кажуць: "Галасуй за рэспублiку". I ён галасуе за рэспублiку.

Тыя, хто кiруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя i нiкому не патрэбныя, хоць бы толькi таму, што яны - прынцыпы, гэта значыць iдэi, што лiчацца слушнымi i непахiснымi. Непахiснымi ў гэтым свеце, дзе нельга нi ў чым быць пэўным, бо нават святло - iлюзiя, гук - iлюзiя.

16 лiпеня. - Учора я пабачыў рэчы, якiя мяне глыбока ўразiлi.

Я вячэраў у маёй кузiны, панi Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Лiможы. Апроч мяне былi запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з iх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымi хваробамi i некаторымi незвычайнымi з'явамi. Цяпер ён праводзiць доследы ў галiне гiпнозу i сугестыi.

Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынiкi доследаў ангельскiх вучоных i лекараў Нансiйскай школы.

Рэчы, пра якiя ён гаварыў, здалiся мне такiмi дзiўнымi, што я адмовiўся ў iх паверыць.

"Мы знаходзiмся на шляху, - казаў ён, - да адкрыцця адной з найвялiкшых таямнiц прыроды, цi, лепей кажучы, найвялiкшых таямнiц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна i iншыя, на iншых планетах.



9 из 25