
Яна нейкi час вагалася, быццам шукала ў сваёй памяцi, пасля адказала:
- Я веру.
- Ён вам напiсаў?
Яна зноў задумалася. Я здагадаўся пра пакутлiвыя намаганнi яе розуму. Яна не ведала. Яна ведала толькi, што павiнна пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў мужу.
I яна наважылася зманiць.
- Ага, ён мне напiсаў.
- Калi ж гэта? Учора вы мне нiчога пра гэта не казалi.
- Я атрымала лiст сёння ранiцай.
- Вы можаце мне яго паказаць?
- Не... не... не... у iм ёсць iнтымныя рэчы... вельмi асабiстыя... я... я спалiла яго.
- Тады, значыцца, у вашага мужа ёсць даўгi.
Яна трохi падумала i сказала:
- Я не ведаю.
I я нечакана заявiў:
- Справа ў тым, што ў гэты момант у мяне няма пяцi тысяч франкаў, мая дарагая кузiна.
У яе з грудзей вырваўся пакутлiвы крык.
- О! О, я прашу вас, прашу вас, знайдзiце iх...
Яна вельмi расхвалявалася i сашчапiла рукi, быццам папраўдзе ўпрошвала мяне! Я адчуў, як змянiўся тон яе голасу. Яна плакала, гаварыла запiнаючыся, яна пакутавала пад уладай няўмольнага загаду.
- О! Я прашу вас... каб толькi ведалi, як я пакутую... яны патрэбныя мне сёння.
Я злiтаваўся над ёй.
- Зараз яны ў вас будуць, я вам прысягаю.
Яна закрычала:
- О, дзякую, дзякую! Якi вы добры.
Я спытаўся:
- Цi памятаеце вы, што адбылося ў вас учора?
- Памятаю.
- Памятаеце, як доктар Паран вас усыпiў?
- Памятаю.
- Дык вось, ён загадаў, каб вы прыйшлi сёння ранiцай пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў, i ў гэты момант вы дзейнiчаеце пад гiпнозам.
Яна трошкi падумала i адказала:
- Але гэтыя грошы патрэбныя майму мужу.
Цэлую гадзiну я спрабаваў яе пераканаць, але не здолеў.
Калi яна пайшла, я пабег да доктара. Ён выйшаў да мяне i выслухаў з усмешкай. Пасля спытаўся:
- Цяпер вы верыце?
