- Напэўна, веру.

- Хадземце да вашай кузiны.

Яна, стомленая, драмала ў шэзлонгу. Лекар намацаў пульс, паднёс руку да яе вачэй i нейкi час глядзеў на яе. Яна павольна заплюшчыла вочы, скарыўшыся непераможнай магнетычнай сiле.

Як толькi яна заснула, доктар сказаў:

- Вашаму мужу больш не патрэбныя пяць тысяч франкаў. Забудзьцеся, што прасiлi вашага кузена пазычыць iх, а калi ён вам пра гэта нагадае, вы нiчога не зразумееце.

Пасля ён абудзiў яе. Я выцягнуў з кiшэнi бумажнiк:

- Вось, мая дарагая кузiна, тое, што вы ў мяне прасiлi сёння ранiцай.

Яна так здзiвiлася, што я не наважыўся настойваць. I ўсё ж я паспрабаваў нагадаць ёй пра яе просьбу, але яна ўпарта адмаўляла, думаючы, што я з яе насмiхаюся, i ўрэшце ледзь не раззлавалася.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вось. Я толькi што вярнуўся ў гатэль, але не магу нават есцi - так уразiў мяне гэты эксперымент.

19 лiпеня. - Шмат хто з тых, каму я расказаў пра гэтае здарэнне, смяялiся з мяне. Я ўжо нават не ведаю, што падумаць. Як сказаў мудрэц: "Можа быць?"

21 лiпеня. - Я павячэраў у Бужывалi, пасля прабавiў вечар на балi весляроў. I праўда, усё залежыць ад месца i асяроддзя. Верыць у звышнатуральнае на выспе Грэнуйер было б самым дзiкiм вар'яцтвам... А на вяршынi гары Сэн-Мiшэль?.. А ў Iндыi? Усё тое, што нас акаляе, робiць на нас велiзарны ўплыў. Наступным тыднем я вяртаюся дамоў.

30 лiпеня. - Учора я вярнуўся дамоў. Усё ў парадку.

2 жнiўня. - Нiчога новага. Стаiць пагода. Цэлымi днямi я баўлюся тым, што гляджу, як цячэ Сена.

4 жнiўня. - Мае слугi пасварылiся мiж сабою. Яны сцвярджаюць, што ўночы нехта б'е шклянкi ў шафах. Камердынер вiнавацiць кухарку, тая вiнавацiць касталянку, а гэтая вiнавацiць абаiх. Хто вiнаваты? Ды хiба ж разбярэшся?

6 жнiўня. - Гэтым разам я не вар'ят. Я бачыў... Бачыў! Нельга больш сумнявацца... я бачыў! Яшчэ i цяпер холад праймае мяне да кончыкаў пальцаў... яшчэ i цяпер я дрыжу ад страху... я бачыў!



13 из 25