
"З Рыо-дэ-Жанейра нам даслалi даволi цiкавае паведамленне. Шаленства, нават цэлая эпiдэмiя шаленства, якую можна параўнаць з тымi хвалямi ўсеагульнага шаленства, што ў сярэднявеччы абрыналiся на эўрапейскiя народы, лютуе цяпер у правiнцыi Сан-Паўла. Людзi ў роспачы пакiдаюць жытло, сходзяць з вёсак, развiтваюцца са сваiмi палямi. Яны кажуць, што за iмi гоняцца, валодаюць iмi, кiруюць, нiбы жывёлай, нейкiя нябачныя, але адчувальныя на дотык iстоты, нейкiя вампiры, што патроху адбiраюць у людзей жыццё, пакуль тыя спяць. Апроч гэтага яны п'юць ваду i малако i, здаецца, не цiкавяцца нiякай iншай ежай.
Пан прафесар Дон Пэдра Энрыкес, а разам з iм некаторыя iншыя вучоныя-медыкi, накiраваўся ў правiнцыю Сан-Паўла, каб даследаваць на месцы прычыны i праявы гэтага дзiўнага шаленства i прапанаваць iмператару захады, якiя, на думку прафесара, дапамаглi б заклiкаць да развагi насельнiцтва, ахопленае хваробай".
А! А! Я памятаю, памятаю той прыгожы бразiльскi трохмачтавiк, што праплыў 8 траўня мiма маiх вокнаў, паднiмаючыся на Сене! Ён здаўся мне такiм прыгожым, такiм белым, такiм вясёлым! ГЭТЫ быў там, ён прыплыў адтуль, дзе з'явiўся яго род! Ён мяне ўбачыў! Ён убачыў таксама мой белы дом i скочыў з карабля на бераг. О, Божа!
Цяпер я ведаю, я здагадваюся. Панаванню чалавека настаў канец.
Ён прыйшоў, Той, каго баялiся старажытныя людзi, Той, каго заклiналi неспакойныя святары, каго цёмнымi начамi выклiкалi ведзьмакi, нiколi яго не бачачы. Той, каму фантазiя часовых гаспадароў Зямлi надавала найпачварнейшыя або, наадварот, найпрывабнейшыя формы гномаў, духаў, генiяў, феяў, дамавiкоў. У адрозненне ад грубых паняццяў, народжаных жывёльным страхам, празорлiвыя людзi ўяўлялi яго больш выразна. Яго разгадаў Мэсмэр, i ўжо дзесяць гадоў таму медыкi дакладна вызначылi прыроду яго магутнасцi, перш чым ён сам яе выявiў.
