
О, гора! Каршун упаляваў голуба, воўк з'еў авечку, леў зжор вастрарогага буйвала, чалавек забiў льва стралою, мячом, порахам. Але чалавек зробiцца Тамтэю тым, чым зрабiлiся нам конь цi бык: яго майном, яго служкам i яго жыўленнем, праз магутнасць яго волi. Гора нам!
Аднак часам звер паўстае i забiвае свайго ўтаймавальнiка... я таксама хачу... я здолею... Але трэба яго зведаць, убачыць, дакрануцца да яго! Вучоныя кажуць, што вочы жывёл, рознячыся ад нашых сваёй будовай, бачаць усё iнакш... А мае вочы не могуць убачыць гэтага новага прыхадня, што мяне прыгнятае...
Чаму? О, цяпер мне згадваюцца словы манаха з гары Сэн-Мiшэль: Цi ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што iснуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сiла ў прыродзе, што збiвае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнiмае ў моры вадзяныя слупы, валiць скалы i разбiвае ўшчэнт вялiкiя караблi. Вецер забiвае, свiшча, стогне, раве, але цi бачылi вы яго, цi можаце вы яго ўбачыць? I аднак ён iснуе!
Я яшчэ думаў: мой зрок такi слабы, такi недасканалы, што зусiм не ўспрымае цвёрдых рэчываў, калi яны празрыстыя, як шкло!.. Калi на маiм шляху будзе стаяць вялiкая шыбiна, я дамся аб яе, як птушка, што заляцела ў пакой i б'ецца галавой у шыбы. Дый колькi яшчэ ўсяго, што падманвае наш зрок, збiвае з тропу. Цi ж дзiва, што я не магу заўважыць нейкае новае цела, праз якое свабодна праходзiць святло.
