
Папраўдзе, я звар'яцеў!
6 лiпеня, перад тым, як класцiся ў ложак, я паставiў на стол вiна, малака, вады, хлеба i сунiц.
Нехта - напэўна я - выпiў усю ваду i трохi малака. Вiно i сунiцы засталiся нечапаныя.
7 лiпеня я паўтарыў той самы дослед, i ён даў такi самы вынiк.
8 лiпеня я прыняў ваду i малако. Астатняе засталося нечапанае.
Урэшце 9 лiпеня я зноў паставiў на стол вады i малака, але навязаў рыльцы графiнаў белай муслiнавай тканiнай i прывязаў коркi. Пасля я нацёр вусны, бараду i рукi чорным грыфелем i лёг спаць.
Мяне ахапiў непераможны сон, за iм прыйшло жахлiвае абуджэнне. Я нi да чога не дакрануўся - нават бялiзна ў ложку засталася чыстая. Я кiнуўся да стала - на тканiне, што абцягвала графiны, плямаў не было. Я развязаў завязкi, дрыжучы ад страху. Нехта выпiў усю ваду! Нехта выпiў усё малако! О Божа!..
Я неадкладна еду ў Парыж.
12 лiпеня. - Парыж. Апошнiмi днямi я зусiм страцiў розум! Напэўна, я зрабiўся цацкай маёй знерваванай фантазii, а можа, я i напраўду быў лунацiк або стаў ахвярай тых усiм вядомых, але невытлумачальных уплываў, якiя называюць сугестыяй. Ва ўсялякiм разе мой стан наблiжаўся да вар'яцтва, i дваццаць чатыры гадзiны ў Парыжы дадалi мне ўпэўненасцi ў сабе.
Учора, скончыўшы ўсе вiзiты, якiя напоўнiлi маю душу новым, жыццядайным паветрам, я прабавiў вечар у Французскiм тэатры. Ставiлi п'есу Аляксандра Дзюма-сына, i яе бадзёры i здаровы дух канчаткова мяне вылечыў. Напэўна, адзiнота вельмi небяспечная людзям iнтэлектуальнай працы. Нам трэба, каб вакол нас былi людзi, якiя думаюць, размаўляюць. Калi мы на доўгi час застаёмся адны, мы запаўняем пустку вакол нас прывiдамi.
Вельмi вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамi. Прадзiраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай iронiяй мае жахi, мае думкi мiнулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная iстота жыве разам са мною пад адным дахам! Якi ўсё ж слабы наш розум - ён затуманьваецца, як толькi нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.
