
для прынцэсаў, акторак i лепшых красуняў, драўляны абцасiк, прыбiты масянжовымi штыфцiкамi, работа чыстая i мiлая Богу, срэбнае шаўро i жоўтае шаўро, i канарэечнае, а каб падноскi былi белыя, я купляў гумiдрабант, так што за Аўстрыi шавецтва было работай хутчэй хiмiчнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць i быў я ўсяго шавец, але насiў манокль i кiёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пiсьменьнiк фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пiсьменьнiка, ну нешта жахлiвае, той сам тып што й граф Зэлiкоўскi, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубiцу, на фатаграфii выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакi зачэсваюцца данiзу, як за Аўстрыi дажывотнiкi або дахадзягi ў прытулках цi шпiталях, а вось за аўстрыйскiм часам, калi хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завiваць валасы i хадзiў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалi, што ён пiша вершы, а калi хто за Аўстрыi меў тры клясы гiмназii, дык не выходзiў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыi дык i работнiкi фатаграфавалiся з локцем лёгка ўсьпертым на столiк i позiркам скiраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалi шмат бадану, прыправы з кiтайскага дрэва, знакамiтай для лiкёраў i печыва, ах, тыя даўнiя часы мелi слабасьць да жабракоў, але з другога боку i да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалi яе трыма чырвонымi сэрцамi, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкi i канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзiр дойчмайстраў i кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёлiна ў сям'i Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калi ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлi, калi стары Грулешак латаў у нас мяхi, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне