
i ўжо адразу вiсеў на дрэве зь перабiтымi нагамi, Сына Чалавечага прадалi за трыццаць срэбнiкаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч i больш, цела Сьвятога Пятра павесiлi на крыжы галавою ўнiз, а папа, ягоны наступнiк, сёньня шпацыруе па Лятэране i Ватыкане, абходзiць тысячы пакояў, дык яму паставiлi турыстычныя паказальнiкi, каб не заблудзiўся, з кардыналамi ён размаўляе ня столькi пра дзейную любоў да блiзкага, колькi пра валюты i каталiцкiя базы, гэта, скажу вам, панна, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты i сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кiравалi файныя мэлёдыi, каб улагодзiлiся пачуцьцi, той эўрапейскi рэнэсанс, за якi змагалiся Тэмiстокл i Мiльтыяд, Сакрат, Гётэ i Моцарцiк, каб не гаварыць, калi нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу i adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напiсаць музыку або вершык на разьвiтаньне i паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку i сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампанii, жонку пры сьмерцi бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзiн пячнiцкi чаляднiк расплакаўся, калi прывучвалi яго да забавы зь дзеўкай на бiльярдзе, iншым разам дзеўкi з бару выдатна дапамаглi, быў такi адзiн слабы на розум i калi на яго гэта находзiла, ён крычаў, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! дык мама хапала сто кронаў i бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красунi i мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкi час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымi чарадзейнымi ручкамi я рабiў кантэскi, чаравiчкi