
iдзi ў лес, або аддам цябе пад арышт, але тата з Траўнiчкам сьпявалi далей, i тут ужо бяжыць жандар з плюмажам, каб iменем закону яны разыйшлiся, дык пайшлi, а тата, каб ад яго ня несла гарай, купiў сабе жавальнай табакi, але як ужо быў добра налiзаўшыся, мама ўзяла пута i адлупiла яго, бо калi хто хоча напiцца, дык павiнен мець рэсурсы, iнакш шал кiнецца ў галаву, Лёйза Таваркаў звар'яцеў ад бруку на пляцы, а яшчэ можа й таму, што ягоны сын рабiў дзяўчатам дзецi на спробу, дык той Лёйза Таваркаў тоўк галавою ў мур i падсьпеўваў, "Дзеля Бога, Язэпе, дзеля Бога, Язэпе...", а калi шал увайшоў у рытм, дык сьпяваў "Усе чэрцi на свабодзе, усе чэрцi пад замком", людзi глядзелi на яго нейкi час, а потым адправiлi ў вар'ятню, ён наогул быў добрым чалавекам, засядаў з Бэхiнам у ратушы i быў начальнiкам Сокала, адно той брук яму даўся ў мазгi, а можа i ягоная дачушка, якая аднаму хлопцу дала найпрыгажэйшы доказ каханьня, якi не застаўся без наступстваў, так што яна стрэльнула сабе ў лоб з рэвальвэру, што вiсеў у iх на сьцяне, так што бачыце, панна, людзi i надалей несьвядомыя i схiльныя да трагедыi, заўсёды калi хто кажа праўду, выглядае як хлус, а як было насамрэч, адкрываецца заўсёды запозна, адна красуня, якая мела Пэцiнгей, вышла замуж за багатыра, бо якраз прачытала "Уладальнiкаў гуты", але да яе хадзiў сьлесараў сын, а ейны муж вярнуўся нечакана i засьпеў iх у ваньне i так урэзаў таму сьлесараваму сыну, што той ажно аглух, таму Батыста ў сваiм творы аб палавой гiгiене перасьцерагае мужчын, каб занадта не аддавалiся сваёй жарсьцi, сама больш тры разы папалуднi, а каталiком чатыры разы папалуднi, каб потым ня мелi грэшных думак, бо iнакш можна прыйсьцi да сумных наступстваў, гэта ўваходзiць у кроў i да гэтага маюць нахiл султаны, якiя потым надрываюцца, калi-нiкалi нават папы i каралi ня мелi ў тым шчасьця, а потым ужо запозна, дзяржава стаiць дагары нагамi празь нейкую модную красуню, таму што розум заўсёды прыходзiць запозна, мама мяне перасьцерагала, вядома, да жанчын трэба падступацца з пачуццём, значыць, трэба хлусiць, што там вясельле, забава, увесь той гармiдар, гэта заўсёды пасьпеем, але на ўсё жыцьцё?