адзiн мясьнiк мне сказаў, што ажанiцца гэта як усё жыцьцё несьцi каровiну скуру па тонкiм лёдзе, ёсьць выпадкi, калi жонка кажа да мужа, бацька, цябе варта было б добра чахнуць матычкай, а ён яе прабiрае, матуля, жлукта ты пузатая, як вазьму качаргу i як таргану цябе за пысу, дык вось, панна, iдэалы хiстаюцца, нават Гётэ гэтага не даказаў, а што ўжо казаць пра Моцарцiка, гэта люба, калi двое спатыкаюцца, спачатку хапаюцца за рукi, а потым за што толькi можна схапiцца, але гэтыя рэчы галоўным чынам узбуджаюць народы апранутыя, народы голыя менш распусныя, а прытым менш у iх кiшэнных крадзяжоў, ксёндз можа сабе мянцiць языком колькi хоча, Карл Чацьверты памяняў чатыры красунi, а калi б не памёр ад запаленьня лёгкiх, пэўна меў бы ахвоту i на пятую, такi зь яго быў спэцыялiст па жанчынах, трэба ведаць, калi ёсьць сапраўдная жарсьць, а калi толькi прыхамаць, як гэта апiсвае ў сваiм творы Батыста, што адна жанчына мела дваццаць два дзiцяцi, а iншая анiводнага, хоць бы й комiн ад бровару на яе звалiўся, такi мужчына мусiць мець не абы якi ворган, нават у соньнiку, панна, знойдзеце, што вялiкi ворган у снах бачыць значыць дастойнасьць, як той Шоўпал у нас, абое пiлi i цягалiся за чубы на лесьвiцы, але калi выйшлi на вулiцу, проста шляхта! а дома ён увесь час да яе, дыхнi, ад цябе нясе гарэлкай! а яна стае на каленi i божкаецца, я зьела толькi адну шакалядку з ромам, а ён ёй дае поўху, сёньня людзям жывецца куды лепш, але з гэтага боку ўсё засталося па-старому, раз ён дастае шалу, другi раз яна, за вакзалам жыў Каўра, якi ўначы краў, а днём шаўцаваў, а жонка ў яго была немка, i таму што яна красьцi ня ўмела нi трохi, ён узяў i павесiўся ад сораму на бэльцы, або той Хыцiл! яна, ягоная жонка, хадзiла па дамох i прадавала кашулi, а прытым крала, ну i раз яе прывялi жандары, дык яму таксама не засталося нiчога як толькi павесiцца ад сораму, той фарсун Корац, службовец у касе хворых, меў сына студэнта ў Оламоўцу, аднойчы прыходзiць доктар Карафiят на кантроль i кажа, спадар Корац, людзi скардзяцца, што не атрымлiваюць дапамогi па хваробе, што гэта за парадкi?


18 из 56