
i я зноў перамог, таму што я браўся за справу такой самай тэхнiкай, што й афiцэры, хлопцы, казаў паручнiк Гаворка, з такой трэба далiкатненька, як быццам вы гастрылi аловак, гэтак на жанчын лепш дзейнiчае, чымсьцi калi б вы на iх выцяглi штых, дык i я зашмат не гаварыў, больш назiраў, якiя ў дзяўчыны злачынныя схiльнасьцi, чакаючы, пакуль сама ня выгаварыцца, што любiць цыгарэты i вiно, а я ёй тады казаў, што я не! а што вы любiце? пыталася яна, а я адказваў, панна, я аматар прыгожых паненак, а яна заяўляла, дык з вас неблагая сьвiньня, i кiдала ў мяне пантофлiкам, раз нават выпаў мне гонар паехаць да артылерыйскiх казармаў на Iдунi, генэральскай кабыле, гэта была красуня, гнедая зь белай зорачкай на лобе, як кiназорка, зорка была падобная на прастрэленую дзiрку ў хустачцы, а калi мы так ляцелi галёпам, тая Iдуня i я на ёй верхам, дык чапiлi бабу, баба кульнулася дагары нагамi, я спужаўся, цi Iдуня не павярэдзiла сабе капыта, бо тады генэрал паставiў бы мяне перад вайсковым судом, i мы так ляцелi цераз Оламоўц, Iдуня праскочыла праз браму, я пахiлiў галаву i трымаўся за шыю, i гэта быў мой шанцунак, таму што яна ўляцела адразу ў стайню, потым я пайшоў выпiць шклянку малiнавага соку ў кантыну, тады мелi там гожую дзеўку, звалi яе Цылькай, яна адразу пусьцiлася са мною ў танцы, а кiраўнiчка была раўнiвая, таму адразу: Цылечка, йдзi на кухню! i пачала сама лашчыцца да мяне, а Цылька чысьцiла нажы i паказвала за сьпiнай свае кiраўнiчкi, як бы яе з ахвотай пырнула, а кiраўнiчка мне сказала, жаўнерык, ты выглядаеш тэмпэрамэнтным чалавекам, а я ёй адказаў, што калi б ёй прысьнiлася, што яна ловiць фазана, дык неўзабаве каханьне загасьцюе ў ейным сэрцы, а кiраўнiчка адразу сунула мне сотню эгiпецкiх у кiшэню i папрасiла, каб я працягваў, а Цылька ў кухнi паказвала, як бы яна сваiм нажом