
некаторыя за гэта хацелi толькi хлеба, паручнiк Гаворка раiў нам, каб мы лепш заляцалiся да паннаў з прыватных дамоў, такой хопiць купiць цукеркаў, а каханьне як дрот, iду я сабе з настаўнiкавай дачушкай, а яна мне кажа, што хацела б за гэта булачку або абаранак, а я кажу, што нiчога ня маю, адно гэты жаўнерскi хлеб, а яна пацалавала мяне ў руку, а я ёй распавёў за гэта, як аднойчы вартаваў у Сплiце стары вагон, поўны экразыту, таго, што падрывае масты, i што той экразыт выглядае як лепiшча на мухi або як парашок з аптэкi, потым я ёй чытаў з соньнiку, што з паненкай у сьне балакаць значыць рызыкоўную спэкуляцыю, а з жанчынай уначы жартаваць, ня дай зьвесьцi сябе падманлiвай размовай, а ўрэшце я сказаў той настаўнiкавай дачушцы, што паненка ладне выглёнда, а яна мне, што пан тэж, i зычыла мне, каб ужо хутчэй было перамiр'е, а як што я заўсёды быў гжэчны кавалер, пiсалi мне найпрыгажэйшыя жанчыны Эўропы, у Цыгенгальсе я схiлiў да сябе сэрцайка дачкi аднаго фабрыканта, яна мела на сабе жоўтую бялiзну i сiнюю сукенку, я катаў яе лодкай па лясной азярыне i сьпяваў Mein Herz ist ein Bienenhaus, а потым лодка пачала тонуць, дык я выратаваў паненку, бо там было мала вады, яна называлася Анна Герынг i слала мне ружовыя лiсты, цэлае мястэчка ня спала ад цiкаўнасьцi, з кiм я перапiсваюся, аднаго разу яна мне прыслала парфуму "Маёвы чар", яна пахла як ландыш, а я, каб пазбавiцца ад вайсковай службы, курыў вiрджынскiя цыгары, мочаныя ў шафране, трэба было халерна зважаць, каб ня мець пажоўклых пальцаў, дык я абкусваў iх да крывi, гэта ўсё роўна што абылгаць прыгожую жанчыну, абдурыць словам, нават нябожчык стараста, якi прыйшоў у бар скантраляваць, цi ў баравых прыгажуняў спраўныя лыткi, нават той стараста прызнаў, ну ясна, за грошы дык абы дурань зможа, але так як вы, задарма, гэта геройскi подзьвiг!