
Яму падабалася, з вялiкаю годнасцю, з непараўнаным прафесiяналiзмам у рухах, пашнарыць сваёю ўмелай, бязлiтаснаю рукой у сподняй бялiзне Пруста, Рэмбо, выставiць на агляд уважлiвай публiцы iх так званыя цуды, iх таямнiцы, растлумачыць "iх прыватны выпадак".
Яго пранiзлiвы хiтры позiрк, гальштук з бездакорна завязаным вузлом i квадратная барада рабiлi яго надзiва падобным да пана, якога малююць на рэкламных аб'явах i якi з бясхiбнай усмешкаю раiць, угору задраўшы палец: "Сапанiт - найвыдатнейшы мыйны сродак" цi "Мадэльныя чаравiкi Саламандра: эканомiя, надзейнасць, камфорт".
"Тут нiчога няма, - казаў ён, - я гэта сцвярджаю з поўнай адказнасцю, бо ўсё разабраў сам: я не люблю, каб мне нешта навязвалi, i нiколi нi ў што не паверу, пакуль сам клiнiчна не вывучу, не раскладу па палiчках i не растлумачу.
Яны вас не павiнны бянтэжыць. Ну вось, паглядзiце - яны ў мяне ў руках: гэта ж тыя самыя голенькiя, дрыготкiя дзеткi, i я трымаю iх перад вамi, у сябе на далонi, нiбыта я iх творца i iх айцец; я пазбавiў iх, дзеля вас, усёй iх магутнасцi, усёй таямнiчасцi, я выгнаў, вытравiў з iх усё, што ў iх было, так бы сказаць, цудадзейнага.
I цяпер яны мала чым адрознiваюцца ад тых iнтэлiгенцiкаў, тых забаўных i трошкi кранутых фацэтаў, што прыходзяць да мяне i расказваюць свае бясконцыя гiсторыi, каб я iм дапамог, каб я падбадзёрыў iх i супакоiў.
Яны павiнны хваляваць вас не больш, чым маiх дачок, якiя, прымаючы сяброў у гасцiнай iх мацеры, мiла гамоняць i смяюцца з таго, што я кажу сваiм хворым у суседнiм пакоi".
Так ён прапаведаваў у Калеж-дэ-Франс. I ўсюды вакол: на суседнiх медычных факультэтах, на лекцыях па лiтаратуры, праве, гiсторыi цi фiласофii, у акадэмiях i прэзiдэнцкiм палацы, у аўтобусах i метро, ва ўсiх урадавых установах, - чалавек разумны, чалавек нармальны, чалавек актыўны, чалавек здаровы i годны, чалавек дужы трыумфаваў.
