З ёй - нiякiх размоў пра транты, пра розныя там капялюшыкi ад Рэмона. Чаравiкi з тупымi насамi выклiкалi ў яе пагарду.

Нiбыта макрыца, яна неўпрыкмет падкралася да iх i - каварна, як кошка, якая, жмурачы вочы, аблiзваецца перад гарнушкам смятаны, - падслухала, дзе, у чым яна, "самая сапраўдная iсцiна".

Цяпер яна гэта ведала. Яна ўжо не адступiцца. Цяпер яе не саб'юць. Яна слухала, убiрала ў сябе, прагная, няўтольная, хцiвая. Нiчога, нiчога, што належала iм, не павiнна было выпасцi з-пад яе ўвагi: карцiнныя галерэi, новыя кнiгi... Яна ўсё гэта ведала. Яна пачынала з "Летапiсаў", цяпер пераходзiла ўжо да Жыда, а хутка - будзе хадзiць у "Саюз за Праўду" i, з пiльным, панадлiвым позiркам, - натаваць, натаваць.

Паўсюль, дзе толькi можна было нешта знайсцi, яна шнарыла, нюхала, перабiрала i мацала ўсё сваiмi пальчыкамi з абстрыжанымi пазногцямi, i як толькi дзесь цьмяна заходзiла пра гэта гамонка - вочы ў яе запалялiся i прагавiта выцягвалася шыя.

Iх усё гэта невыказна гiдзiла. Схаваць ад яе - хутчэй! - пакуль не паспела пранюхаць. Затаiць, не даць даткнуцца - яе дотык усё прынiжае... Але позна яна ўжо ведала, яна руйнавала iх планы. Ад яе немагчыма было схаваць касцёл у Шартры. Пра яго яна ведала ўсё. Яна нават чытала, што пра яго думаў Пэгi.

Яна лезла ўсюды сваiмi сквапнымi пальцамi, у самыя патаемныя закуткi, у самыя непадступныя скарбы. Уся з сябе - "iнтэлiгентнасць". Ёй гэта было неабходна. Ёй. Бо цяпер яна ведала сапраўдную цану рэчам. Ёй патрэбна была iнтэлiгентнасць.

Iх было шмат, такiх, як яна - згаладалых, бязлiтасных паразiтаў, п'явак, што адразу накiдвалiся на кожны новы артыкул, слiмакоў, што прылiпалi паўсюль, пэцкаючы сваёй слiззю Рэмбо, смокчучы Малярмэ, кiдаючыся ад аднаго да другога i душачы сваёй клейкаю, брыдкаю кемлiвасцю "Улiса" цi "Мальтыйскiя дзённiкi" Лаўрыдса Брыге. "Як гэта чароўна!" - казала яна i, з непадробнай натхнёнасцю распяльваючы вочы, запальвала ў iх "боскую iскарку".

XII

На сваiх лекцыях у Калеж-дэ-Франс, на якiх заўжды збiралася шмат народу, ён любiў пацешыцца падобнымi рэчамi.



13 из 27