
Ён трошкi яе паварочваў, каб лепей разгледзець: "Vаnitу Fаir? Vаnitу Fаir? Ага! Вы ўпэўнены? Vаnitу Fаir? Гэта ён напiсаў?"
Яна яшчэ квола дрыгалася, з нязменнаю ветлiвай, мiлай усмешкай, i шукала вачыма, нiбыта прагла штосьцi ўбачыць. А ён сцiскаў - усё мацней, мацней: "I кудой вы едзеце? Праз Дуўр? Праз Кале? Dоvеr? Га? Праз Dоvеr? Так яны кажуць? Dоvеr?"
Нiяк немагчыма выслiзнуць. Немагчыма спынiцца. А яна - яна столькi чытала... столькi думала пра розныя рэчы... Ён жа ўмеў быць такi чароўны... Але, вiдаць, дзень выдаўся ў яго няўдалы, ён быў не ў найлепшым гуморы. I ён будзе цяпер гаварыць, гаварыць, не ведаючы лiтасцi, не даючы перадыху: "Dоvеr, Dоvеr, Dоvеr? Га? Га? Thackeray? Англiя? Дзiкенс? Шэкспiр? Га? Га? Dоvеr? Shаkеsреаrе? Dоvеr?" - а яна будзе старацца вызвалiцца, мякка, не адважваючыся зрабiць рэзкага руху - гэта можа яго ўгнявiць, - i будзе адказваць ледзь прыкметна пагаслым галасочкам: "Ага, правiльна, Dоvеr. Вы, напэўна, часта тудою ездзiлi... Па-мойму, праз Дуўр зручней. Ага, правiльна... Dоvеr".
I толькi калi ён убачыць, што прыйшлi ўжо бацькi, ён нарэшце апамятаецца i расслабiць кулак, i яна, трошкi пычырванелая, трошкi ўскудлачаная, у крыху пакамечанай прыгожай сукеначцы, нарэшце адважыцца, не баючыся яго раззлаваць, уцячы.
XVI
Яны былi ўжо старыя, пашарпаныя, "як старая, доўга ўжываная мэбля, што аджыла свой век, выканала сваё прызначэнне", i часам (гэта было ў iх своеасаблiвым какецтвам) яны цiха ўздыхалi, i гэты гук, падобны да сухога рыпення, быў поўны пакорлiвасцi, поўны супакаення.
Цёплымi вясеннiмi вечарамi яны разам хадзiлi гуляць - "цяпер, калi мiнула маладосць, калi згасла былая палкасць", яны проста хадзiлi шпацыраваць, "падыхаць крыху перад сном свежым паветрам", пасядзець у кавярнi, крышачку пагаманiць.
З вялiкай перасцярогаю яны выбiралi закутак, дзе б iх нiчога не трывожыла ("не, не: гэта якраз на скразняку, i там таксама: каля самае прыбiральнi"), нарэшце яны сядалi - "Ах! Гэтыя старыя косцi, што зробiш, старэем... Ах! Ах!" - зноў чулася iх сухое рыпенне.
