Святло ў зале было нячыстае i халоднае, гарсоны бегалi надта хутка, абыякавыя, крыху нават жорсткiя, i ў люстрах адбiвалiся змардаваныя твары з прыжмуранымi вачыма.

Але яны нiчога iншага не патрабавалi, так дык так, цяпер яны гэта ведалi не трэба нiчога чакаць, i патрабаваць не трэба: усё ёсць так, i нiчога болей, гэта i ёсць - "жыццё".

Нiчога iншага i нiчога болей, тут цi там, усё адно, цяпер яны гэта ведалi.

I не трэба было бунтаваць, летуцець, чакаць, цi намагацца, цi кiдацца наўцёкi, трэба проста ўважлiва выбраць (гарсон чакаў): "возьмем гранатавы сок з мiнеральнай цi каву? чорную цi з вяршкамi?" - i сцiпла пагадзiцца жыць, тут цi там, неяк бавячы час.

XVII

Калi наставалi пагодныя днi, у святы яны выбiралiся ў прыгарадныя лясы на шпацыр.

Кусцiстыя лясныя зараснiкi былi сiметрычна пакрэсленыя прамымi прасекамi, якiя, сыходзячыся, утваралi правiльныя скрыжаваннi. Трава была яшчэ рэдкая, патаптаная, але сям-там на галiнках пачыналi ўжо распускацца лiсточкi; iх яркасцi яшчэ не ставала, каб крыху асвяжыць навакольную няўтульнасць, i яны больш нагадвалi дзетак у бальнiчным пакоi, што кiсла ўсмiхаюцца, моршчачы тварык пад сонцам.

Яны прымошчвалiся снедаць каля дарожак, на аблыселых прагалiнках i, здавалася, нiчога вакол не заўважалi: яны былi вышэй за ўсё гэта, - iм не абыходзiла пiсклявае чырыканне птушак, кволыя пупышкi, скамечаная трава; густая, непраглядная атмасфера, у якой яны жылi кожны дзень, не расставалася з iмi i тут, яна сачылася з iх, як цяжкае, едкае мроiва.

Яны прывозiлi сюды з сабой i нязменнага спадарожнiка гадзiн свайго адпачынку - сваё адзiнае дзiця.

I калi малое бачыла, што яны пачынаюць прыладжвацца ў выбраным iмi месцы, яно раскладала зэдлiк, ставiла яго побач i, сеўшы, пачынала грэбцi зямлю, збiраючы ў кучу каменне i сухую лiстоту.



19 из 27