
Яна ляжала, па-ранейшаму скурчаная, i нерухома чакала. Найменшы рух пайсцi ў ванную вымыць рукi, пусцiць з крана ваду - здаваўся ёй дзёрзкiм выклiкам, раптоўным скачком у прорву, учынкам, поўным адвагi. Такi нечаканы шум пушчанай вады ў гэтай навiслай цiшы быў бы нiбы сiгнал, нiбы заклiк да iх, ён быў бы што той непрыемны дотык, калi кончыкам палкi дакранаешся да медузы i потым з агiдай чакаеш, як яна скаланецца, узгорбiцца i зноў распаўзецца.
Яна адчувала, што i яны, выцягнуўшыся, нерухома ляжаць за сцяной i гатовыя ў любы момант ускiнуцца, заварушыцца.
Яна не варушылася. I здавалася, увесь дом, уся вулiца - ухваляюць яе, лiчаць гэтую нерухомасць зусiм натуральнай.
Здавалася абсалютна бясспрэчным, што адчынiўшы дзверы i зiрнуўшы на лесвiцу, з якой веяла непарушнаю, безасабовай i бясколернай супакоенасцю, лесвiцу, на якой, здаецца, не засталося нi ценю людзей, якiя па ёй прабягалi, нават малога ўспамiну пра iх сляды, здавалася, што стоячы ля акна i гледзячы на фасады дамоў, лаўкi, старых кабет i дзяцей, што праходзяць па вулiцы, трэба як мага болей чакаць, стаяць вось так, нерухома, не рабiць нiчога, не варушыцца, бо найвышэйшае разуменне, сапраўдная мудрасць якраз i ёсць варушыцца як мага меней, не рабiць нiчога, бяздзейнiчаць.
Самае большае - можна было хiба, з вялiкаю перасцярогаю, каб не пабудзiць нiкога, зажмурыўшы вочы, спусцiцца па змрочнай i мёртвай лесвiцы i цiха рушыць па вулiцы, уздоўж сцен, каб самую крыху падыхаць, каб трошкi парухацца, не ведаючы, куды iдзеш, не жадаючы нiкуды iсцi, а потым вярнуцца дадому, сесцi на край свайго ложка i зноў, сагнуўшыся, нерухома чакаць.
VI
Кожную ранiцу яна ўсхоплiвалася з ложка раней за ўсiх i бегала па кватэры, заўсёды незадаволеная, крыклiвая, з'едлiвая, размахваючы рукамi, задыхаючыся ад абурэння, гатовая ў любое iмгненне ўстроiць "сцэну". Яна адзiн за адным абыходзiла ўсе пакоi, урывалася ў кухню, гнеўна грукала ў дзверы занятае некiм ваннай, ёй паўсюль рупiла ўлезцi, кiраваць, страсянуць iх, папытацца, колькi яны збiраюцца там сядзець - гадзiну? - нагадаць, што ўжо позна, што яны спозняцца на трамвай цi на поезд, што ўжо вельмi позна i яны са сваёю нехлямяжасцю, з падобным сваiм нядбайствам абавязкова некуды не паспеюць, што сняданак даўно гатовы, што ён даўно ўжо астыў, што ён дзве гадзiны як на стале i ўжо зледзянеў.
