I здавалася, у яе вачах няма нiчога больш пагарджанага i больш невыцерпнага, больш дурнога i брыдкага, няма больш вiдавочнай прыкметы нiзасцi, прыкметы слабасцi, чым даць астыць, прымусiць чакаць сняданак.

Тыя, хто ўсё гэта ведаў, - дзецi - старалiся не пазнiцца. Але iншыя, бесклапотныя i няўважлiвыя да падобных рэчаў, не ведаючы ўсёй iх магутнасцi ў гэтым доме, прыязна адказвалi, вельмi ласкавым i натуральным тонам: "Вялiкi дзякуй, не хвалюйцеся, я з задавальненнем вып'ю i трошкi астылай кавы". Гэтым, чужым, яна не асмельвалася нiчога адказваць, але за адно гэтае слова, за адну гэтую караценькую ветлiвую фразу, якою яны мякка, нiбы мiж iншым, тылам далонi, адштурхвалi яе, не звяртаючы нават увагi, нi на iмгненне не спынiўшы на ёй свайго позiрку, ужо за адно гэта яна пачынала iх ненавiдзець.

Рэчы! Рэчы! Гэта была яе сiла. Крынiца яе магутнасцi. Iнструмент, якiм яна iнстынктыўна, бясхiбна i беспамылкова карысталася, каб нерамагаць, пляжыць усiх чыста.

Тыя, хто жыў побач з ёй, адчувалi сябе палоннымi рэчаў, рабамi, сагнутымi лад iх цяжарам, змярцвелымi i прыгнечанымi, увесь час пiльнаванымi i зацкаванымi iмi.

Рэчы. Прадметы. Званкi. Тое, што нiколi нельга было забывацца. Iстоты, якiх нельга прымусiць чакаць. Яна карысталася iмi, як зграяй сабак, якую напускала на iх штохвiлiны: "Звоняць! Звоняць! Хутчэй, варушыцеся, вас жа чакаюць!"

I нават калi яны сядзелi ў схованцы, зачынiўшыся ў сваiм пакоi, яна прымушала iх здрыгануцца: "Вас там клiчуць! Вы што - не чуеце? Тэлефон. Дзверы. Адкуль скразняк? Вы не зачынiлi дзверы, дзверы на лесвiцу!" Гахала акно. Грукалi дзверы. Парыў ветру пралятаў па кватэры. Трэба было бегчы, хутчэй, хутчэй, пад праклёнамi, спатыкаючыся, устрывожана, усё кiнуць i бегчы, з гатоўнасцю дагадзiць.

VII

Толькi не пры iм, не-не, не пры iм, пазней, калi яго тут не будзе, не цяпер. Было б надта неасцярожна, надта непрыстойна гаварыць пра гэта - пры iм.



7 из 27