
Не, не, дарэмна яна хвалявалася. Ён выдатна ўсё разумее. Ён прыняў гэта вельмi паблажлiва, гэта нават яго пазабавiла. Вось - ён зноў моршчыць шчаку, зноў гэты лагодны прысвiст, i ў вачах - ранейшая вясёлая iскарка, гэты бляск, што сведчыць пра яго непарушную самаўпэўненасць, млявую бесклапотнасць, поўную задаволенасць.
VIII
Побач з гэтымi свежымi, гэтымi юнымi iстотамi, побач з гэтымi бязвiннымi чалавечкамi ў яго заўжды ўзнiкала жаданне, хваравiтая, неадольная патрэба узяць iх у свае неспакойныя пальцы, пакруцiць, памацаць, наблiзiць як мага больш да сябе, зрабiць iх сваiмi.
I калi яму выпадала iсцi з кiм-небудзь з iх на вулiцу, весцi каго-небудзь з iх прагуляцца, ён браў яго маленькую ручку i, пераходзячы на другi бок дарогi, моцна сцiскаў яе ў сваёй цёплай, сваёй дужай руцэ, стрымлiваючыся, каб не раздушыць гэтых малюпасенькiх пальчыкаў, калi яны пераходзiлi на той бок вулiцы i з бязмежнаю асцярогай глядзелi спачатку налева, потым направа, каб упэўнiцца, што перайсцi паспяваюць, каб пераканацца, што нiякай машыны няма, каб яго золатка, яго мiлае дзiцятка, гэтая маленькая жывая iстота, кволая i такая даверлiвая, за якую ён нясе такую адказнасць, не была раздушаная пад коламi.
I пераходзячы вулiцу, ён вучыў яго, што трэба спачатку доўга чакаць i быць уважлiвым, уважлiвым-уважлiвым, быць вельмi-вельмi ўважлiвым, калi пераходзiш вулiцу, нават на пераходзе, бо "трэба так мала, досыць усяго секунды няўвагi, каб здарылася непапраўнае".
