
Яна трымалася напагатове, каб своечасова ўмяшацца, перашкодзiць яму пачуць, безупынку гаманiла сама, стараючыся адцягнуць яго ўвагу: "Крызiс... i гэтае беспрацоўе, усё расце ды расце. Ну, вядома, яму так усё ясна, ён жа так разумее ў падобных рэчах... А ёй - адкуль ёй ведаць?.. Ёй, праўда, расказвалi, што... Але ён мае рацыю: калi падумаеш, усё аказваецца такiм простым, такiм вiдавочным... Нават дзiўна i сумна бачыць, што столькi добрых людзей яшчэ такiя наiўныя". Усё iдзе добра. Ён, вiдаць, задаволены. Папiваючы чай, ён тлумачыў паблажлiвым тонам, з самаўпэўненым выглядам, i часам, наморшчваючы шчаку, нацiскаючы языком на зубы, каб выгнаць рэшткi заселай ежы, утвараў своеасаблiвы гук, нешта накшталт цiхага прысвiсту, што заўжды выдавала яго задаволенасць, млявую бесклапотнасць.
Але часам, нягледзячы на ўсе яе намаганнi, запаноўвала цiшыня. I нехта, павярнуўшыся да яе, пытаўся, цi хадзiла яна на Ван Гога.
"Ну вядома, але, яна хадзiла на выстаўку (нiчога-нiчога, ён не павiнен звярнуць увагi, зараз яна ўсё ўладзiць, адным узмахам рукi), але, яна хадзiла неяк у нядзелю, у мiнулую, здаецца, цi, можа, пазамiнулую, увечары, калi ўсё роўна не ведаеш, чым сябе заняць. Вядома, было даволi цiкава".
Ну, усё, усё, досыць, не трэба болей пра гэта, няўжо гэтыя людзi не адчуваюць, няўжо не бачаць, што ён тут, што ён слухае. Ёй было страшна... Але iншым, здаецца, гэта не абыходзiла, яны гаманiлi, гаманiлi далей пра сваё.
Ну што ж, калi iм так хочацца, калi ўжо ўсё роўна яна няздольная iх утрымаць - няхай iх упусцяць. Тым горай для iх. Няхай увойдуць сюды - Ван Гог, Утрыло цi хто iншы. Яна выйдзе наперад, стане перад iмi, яна пастараецца iх крыху прыхаваць, каб хоць не так яўна, каб як мага менш выбiвалiся, вось так, цiхутка, няхай паслухмяна там топчуцца, па сценачках.
