
- Якой маркi гэта ваша машына? - спытаў ён Кёстэра, якi стаяў блiжэй за ўсiх да яго. А твар у чалавека напамiнаў салёны агурок.
Мы ўсе ўтрох нейкi час моўчкi глядзелi на яго. Пэўна, ён палiчыў, што мы слесары ў выхадным адзеннi, якiя выехалi на чужой машыне.
- Вы штосьцi сказалi? - нарэшце спытаў Ота няўпэўнена, нiбы падказваючы таму, што трэба быць больш ветлiвым.
Мужчына пачырванеў.
- Я спытаў пра гэтую машыну, - прамовiў ён бурклiва тым самым тонам.
Ленц выпрастаўся. Яго вялiкi нос уздрыгнуў. Ён надаваў вялiкае значэнне ветлiвасцi ў адносiнах да сябе. Але перш чым ён паспеў адкрыць рот, раптам адчынiлiся, нiбы ад рукi святога духа, дзверцы "б'юiка"; выслiзнула маленькая ножка, потым паказалася цененькае каленца, затым з машыны выйшла дзяўчына i павольна пайшла да нас. Ад неспадзяванасцi мы пераглянулiся. Мы раней не заўважылi, што нехта ёсць у машыне. Ленц адразу змянiў паводзiны. Ён заўсмiхаўся на ўвесь рабацiнiсты твар. Мы заўсмiхалiся ўсе разам, чорт яго ведае чаму.
Таўстун пазiраў на нас разгублена. Ён страцiў самаўпэўненасць i, вiдаць, не ведаў, што цяпер рабiць.
- Бiндзiнг, - нарэшце сказаў ён з паўпаклонам, быццам прозвiшча магло яго ўратаваць.
Дзяўчына падышла ўжо блiзка. Мы зрабiлiся яшчэ ветлiвейшыя.
- Дык пакажы машыну, Ота, - сказаў Ленц, кiдаючы хуткi позiрк на Кёстэра.
- Чаму ж не, - весела ўсмiхнуўшыся, адгукнуўся Ота.
- Я i праўда паглядзеў бы яе, - сказаў Бiндзiнг больш мiралюбна. - Вiдаць, хуткая, як чорт. Так мяне абставiла.
Яны ўдвух пайшлi на стаянку, i Кёстэр падняў капот "Карла".
Дзяўчына не пайшла з iмi. Статная, яна моўчкi стаяла ў змроку памiж мной i Ленцам. Я чакаў, што Готфрыд скарыстае выпадак i "завядзецца". Ён быў створаны на такiя сiтуацыi. Але, здавалася, у яго адняло мову. Звычайна ён такаваў, як глушэц, а тут стаяў, як маўклiвы манах на адпачынку, i не варушыўся.
