- Малайчына, Ота, - сказаў Ленц Кёстэру. - Папсаваў чалавеку апетыт перад вячэрай.

Дзеля такiх пагоняў мы не мянялi "Карлу" кузава. Варта было яму з'явiцца на дарозе, i ўжо некаму карцела перагнаць яго. На iншыя машыны ён дзейнiчаў, як варона з перабiтым крылом дзейнiчае на зграю галодных катоў. Самым мiрным сямейным шарабанам карцела перагнаць яго, i нават самыя мажныя барадачы не маглi вытрываць гоначнага азарту, калi яны бачылi, як перад iмi iшла ўпрысядку бразготная рухомая табурэтха. Хто мог уявiць сабе, што ў гэтай камiчнай фiгуры б'ецца вялiкае сэрца гоначнага матора!

Ленц сцвярджаў: "Карл" выхоўвае. Ён вучыць людзей пачцiвасцi да вынiкаў творчасцi, якiя заўсёды прыкрыты някiдкай абалонкай. Так гаварыў Ленц, якi называў сябе апошнiм рамантыкам.

Мы спынiлiся перад невялiчкiм шынком i выбралiся з машыны.

Вечар быў цудоўны i цiхi. Барозны ўзаранага поля адсвечвалi фiялетавым святлом. Краi аддавалi залацiста-карычневым водсветам. На яблычна-зялёным небе плавалi воблакi, падобныя да вялiкiх птушак фламiнга, а мiж iмi хаваўся вузенькi сярпок маладзiка. Арэхавы куст трымаў у сваiх абдымках змрок i прадчуванне. Ён быў хвалююча голы, але ў пупышках хавалася чаканне. З маленькага шынка плыў пах смажанiны. Смажылi пячонку з цыбуляй. Наша душа заспявала.

Ленц рынуўся ў дом насустрач паху. Ён вярнуўся прасветлены.

- Вы не бачылi такой смажанай бульбы! Хутчэй, а то найлепшую з'ядуць!

У гэты момант з шумам падкацiла яшчэ адна машына. Мы спынiлiся, аслупянелыя. Гэта быў "б'юiк". Ён рэзка затармазiў каля "Карла".

- Гоп-ля! - сказаў Ленц. У нас ужо часта ў такiх выпадках здаралiся бойкi.

З машыны выйшаў мужчына. Ён быў высокi i ў целе. На iм было шырокае карычневае палiто з вярблюджай шэрсцi. Незадаволеным скасавураным позiркам ён глянуў на "Карла", потым сцягнуў тоўстыя пальчаткi i падышоў да нас.



9 из 371