- Павячэраем разам? - спытаў ён.

- А як жа, - адказаў Ленц.

Мы ўвайшлi ў памяшканне. Каля дзвярэй Готфрыд падмiргнуў мне, паказваючы на дзяўчыну.

- Слухай, яна табе ўраўнаважыць старую кабету, якая танцавала сёння ранiцай.

Я пацiснуў плячыма.

- Магчыма, але чаму ты змусiў аддувацца мяне аднаго?

Ён засмяяўся.

- Трэба ж вучыцца, хлопчык!

- Няма ў мяне больш ахвоты да вучобы, - сказаў я.

Мы пайшлi да астальных. Яны ўжо сядзелi за сталом. Гаспадыня якраз прынесла пячонку i смажаную бульбу. На разгонку яна прынесла яшчэ вялiкую бутэльку гарэлкi.

Бiндзiнг аказаўся гаваруном, бурным, як горны ручай. Проста дзiўна было, чаго толькi ён не ведаў пра аўтамашыны. Калi ён пачуў, што Ота таксама ўдзельнiчаў у гонках, яго прыхiльнасць перайшла ўсе межы.

Я прыгледзеўся да яго больш уважлiва. Ён быў мажны, высокi мужчына з густымi бровамi над чырвоным тварам; крыху хвалько, крыху шумны i, магчыма, спагадлiвы, як людзi, якiм звычайна шанцуе ў жыццi. Я мог сабе ўявiць, што вечарам, перш чым класцiся спаць, ён сур'ёзна, з гонарам i павагай разглядае сябе ў люстэрка.

Дзяўчына сядзела памiж Ленцам i мной. Яна скiнула палiто. На ёй быў шэры ангельскi касцюм. Вакол шыi была павязана белая хусцiнка, падобная да гальштука жакея. Яе валасы былi рудавата-шаўкавiстыя, у святле лямпы яны пералiвалiся янтарным бляскам. Плечы былi вельмi прамыя, але крыху нахiленыя, рукi - вузкiя, доўгiя, хутчэй кашчавыя, чым мяккiя. Твар быў вузкi i бледны, але вялiкiя вочы надавалi яму палкую сiлу. Яна была вельмi прыгожая, на маю думку... але больш нiчога такога я не падумаў.

Ленц жа ўвесь загарэўся. Ён цалкам перамянiўся. Яго жоўты чуб палаў, як хмель. Ён выдаў цэлы феерверк iдэй i разам з Бiндзiнгам завалодаў сталом. Я сядзеў цiха, нiчым не прыцягваючы да сябе ўвагi - перадаваў каму-небудзь мiску цi прапаноўваў запалiць. Чокаўся з Бiндзiнгам. Гэта я рабiў даволi часта. Ленц раптам стукнуў сябе па лбе:



12 из 371